Зяленскі адзначыў, што Вашынгтон сьпяшаецца зь мірным працэсам, бо пазьней прэзыдэнт Дональд Трамп засяродзіцца галоўным чынам на ўнутранай палітыцы напярэдадні восеньскіх прамежкавых выбараў у Кангрэс.
Украіна зацікаўленая ў тым, каб амэрыканскі бок не выходзіў зь перамоўнага працэсу, адзначыў Зяленскі. І дадаў, што не атрымліваў сыгналаў наконт таго, што калі міру ня ўдасца дасягнуць да чэрвеня, ЗША спыняць сваё пасярэдніцтва.
Паводле Зяленскага, новы раўнд перамоваў паміж Кіевам і Масквой можа адбыцца ў Маямі (ЗША) праз тыдзень.
«Мы сапраўды хочам скончыць вайну і гарантаваць бясьпеку», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.
Ён удакладніў, што выступае спачатку за падпісаньне дакумэнтаў пра гарантыі бясьпекі, а толькі потым — пра завяршэньне вайны.
Паводле Зяленскага, рыторыка расейскіх прадстаўнікоў на перамовах зьмянілася.
«Расейская дэлегацыя ўжо бяз гэтых пустых „гістарычных альманахаў“ і экскурсаў, яна цяпер пра іншае і больш канкрэтна: што робім, а чаго ня робім, на што гатовыя, на што не гатовыя, як будзем маніторыць прыпыненьне агню і іншыя такія канкрэтныя рэчы», — сказаў ён.
Разам з тым, ён адзначыў, што даверу паміж бакамі няма:
«Веры ім — нуль. Я думаю, што ў іх да нас прыкладна тыя самыя пачуцьці, што і былі, бо яны Ўкраіну ненавідзяць, вось і ўсё».
Агенцтва Reuters раней са спасылкай на крыніцы напісала пра тое, што ў Абу-Дабі 4–5 лютага дэлегацыі ЗША і Ўкраіны абмяркоўвалі дасягненьне Расеяй і Ўкраінай мірнай дамовы ўжо ў сакавіку.
Згодна з прапановай ЗША, у траўні можна было б правесьці выбары адначасова з рэфэрэндумам, на якім грамадзяне Ўкраіны выказаліся б адносна тэрытарыяльных пытаньняў.
Пры гэтым суразмоўцы Reuters прызнаюць, што тэрміны могуць быць зрушаныя, бо ў Абу-Дабі не дасягнулі згоды пра тэрыторыі і лёс Запароскай АЭС. Украіна адмаўляецца выводзіць свае войскі з Данецкай вобласьці, але гатовая разгледзець такія «нестандартныя рашэньні», як стварэньне дэмілітарызаванай ці спэцыяльнай эканамічнай зоны. Зяленскі таксама пацьвердзіў, што ЗША і Ўкраіна абмяркоўвалі магчымасьць правядзеньня ўсеўкраінскага рэфэрэндуму.
23–24 студзеня, а таксама 4 і 5 лютага ў Абу-Дабі (ААЭ) прайшлі перамовы Ўкраіны і Расеі пры пасярэдніцтве ЗША пра шляхі завяршэньня вайны. Значнага прарыву бакі не дасягнулі. Але дамовіліся пра абмен ваеннапалоннымі — першы за апошнія пяць месяцаў.
Расея патрабуе вываду Ўзброеных сіл Украіны з той часткі Данецкай вобласьці, якую ейныя войскі не захапілі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сьнежні заявіў, што пытаньне магчымых тэрытарыяльных рашэньняў павінен вырашаць народ Украіны «ў фармаце выбараў ці ў фармаце рэфэрэндуму».
Форум