Сьвятлана Ціханоўская 7 лютага выступіла на слуханьнях Каардынацыйнай рады ў Варшаве і адказала на 60 пытаньняў. Сабралі самыя гучныя заявы паводле стэнаграмы навінавай агенцыі «Позірк». Слуханьні трансьляваліся ў жывым эфіры.
«У мяне няма амбіцый удзельнічаць у новых выбарах»
«Я лічу, што пакуль у нас ня будзе магчымасьці новых, больш легітымных спосабаў арганізацыі новых выбараў, я застаюся на тым месцы, на якім застаюся»
«Пакуль мяне слухаюць беларусы, пакуль мяне чуюць нашы замежныя партнэры, давяраюць, з намі працуюць, я буду знаходзіцца там, дзе я знаходжуся».
«Я хачу каб уладу ў Лукашэнкі забраў абраны на адкрытых і сумленных выбарах прэзыдэнт. У мяне няма амбіцый удзельнічаць у новых выбарах».
«Многія ўнутры сыстэмы падзяляюць нашы погляды»
«Не сакрэт, што многія чыноўнікі за сьпінай называюць Лукашэнку дзедам і жартуюць пра яго „сінія пальцы“».
«Многія ўнутры сыстэмы падзяляюць нашы погляды і гатовыя з намі дамаўляцца. Яны злуюцца, што Лукашэнка страціў субʼектнасьць, цалкам залежыць ад Расеі і вядзе краіну ў тупік».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «дзяўбці» ў 2020 годзе — да «вяртаньня да нармальнасці» сёньня: Кныровіч і Мажэйка за і супраць тэзы КалесьнікавайПлян «Перамога» быў памылкай
На гэты плян «было ўскладзена шмат чаканьняў», але яны ня спраўдзіліся, заявіла Ціханоўская.
Плян «Перамога» аб’явілі ў 2021 годзе. Ахвочым працягваць барацьбу з рэжымам Лукашэнкі ByPol абяцала разаслаць мабілізацыйныя прадпісаньні. У жніўні 2025-га ByPol абвясьціла пра закрыцьцё пляна да «асобнага распараджэньня».
«Мы думалі, літоўцы ўсё разумеюць»
Ціханоўская пашкадавала, што дэмсілы «магчыма, недапрацавалі зь літоўскім грамадзтвам». Паводле яе, раскрутка наратыву пра «літвінізм» сталася прычынай пагаршэньня стаўленьня літоўцаў да беларусаў.
«Мы думалі, што літоўцы ўсё ведаюць, літоўцы ўсё разумеюць, і тыя наратывы, якія прасоўваюць некаторыя парлямэнтарыі і ўзмацняюцца прапагандысцкімі наратывамі, не працуюць. А яны ўвесь гэты час працавалі».
«Мы, канечне, усе гэтыя часы спрабавалі гэта выраўняць, праводзілі шматлікія і круглыя сталы, і кансультацыі, і публічна выступалі ў мэдыя. Але ж не хапіла нашых рэсурсаў, каб змагацца з гэтай вялікай прапагандысцкай машынай».
«Мы працавалі ў вельмі абмежаванай прасторы, і ніхто ніколі ня ведае, што будзе памылкай, што — не, калі ты гэта не паспрабуеш».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусам трэба трошкі патрываць, дачакацца, калі Лукашэнка сыдзе», — былы палітвязень, дарадца Ціханоўскай«У мяне няма добрага адказу для беларусаў у Грузіі»
«З гэтым урадам адносіны і ня тое каб кепскія, іх увогуле няма, бо нам не ідуць насустрач, на нашыя запыты не адказваюць. Не было праведзена ніводнай сустрэчы на міжнародных пляцоўках, нягледзячы на тое, што мы заўжды запытваем пра гэтыя сустрэчы».
«Адзінае абяцаньне, якое мы змаглі атрымаць ад гэтага ўраду ўскосным шляхам, што беларусаў ня будуць дэпартаваць у Беларусь».
«У мяне няма нейкага добрага адказу для беларусаў у Грузіі. Калі ёсьць магчымасьць, пакуль яшчэ ня скончыўся пашпарт, разгледзьце іншыя краіны для рэлякацыі. З Армэніяй нашмат лепшае становішча, напрыклад», — сказала Ціханоўская.
«Каб пашпарт новай Беларусі стаў ідэальным дадатковым дакумэнтам»
«Пытаньне пашпартоў — гэта балючае пытаньне, бо ня ў кожнай краіне ёсьць нават мэханізм, як легалізаваць беларусаў бяз пашпарту..
«Давайце палітычна прымем рашэньне, каб пашпарт новай Беларусі стаў такім ідэальным дадатковым дакумэнтам, каб вэрыфікаваць чалавека і на падставе пашпарту новай Беларусі выдалі дакумэнт», — зьвярнулася Ціханоўская да кіраўніцтва краін, якія прымаюць беларусаў.
«Пляную сустрэчы зь беларусамі ва Ўкраіне»
«[Для Кіева важна,] каб Беларусь стала прадказальным суседам, мірнай, дэмакратычнай, эўрапейскай дзяржавай — не правінцыяй Крамля. І Ўкраіна, здаецца, цяпер гатовая больш актыўна падтрымліваць беларускі дэмакратычны рух».
«Пляную сустрэчы зь беларусамі ва Ўкраіне. Гэты візыт стане пачаткам доўгатэрміновай супрацы і яшчэ адной цаглінкай у справе перамен».
«Мы выпрацуем супольную стратэгію і, спадзяюся, зможам вырашыць практычныя пытаньні — выплат, легалізацыі, банкаў, сацыяльных гарантый. Гэта ўсё створыць умовы, каб беларусы маглі дапамагаць Украіне, а Ўкраіна — магла дапамагчы нам».
Пра супрацьдзеяньне расейскай гібрыднай агрэсіі
«Я лічу, што магчымасьць Расеі ўплываць у Беларусі ня толькі на вайсковую сфэру, але і на мэдыя, адукацыю, нацыянальную ідэнтычнасьць дастаткова крытычная. Канечне, мы ня можам супрацьстаяць усяму ў Беларусі, але, напрыклад, тое, што альтэрнатыўныя мэдыя працуюць — і працуюць на беларусаў унутры краіны, — гэта супрацьдзеяньне гэтай расейскай гібрыднай атацы ў сфэры мэдыя».
«Ня толькі вызваленьні, але і поўнае закрыцьцё спраў»
«Наша задача, каб людзі ня толькі выйшлі на свабоду, але і былі спыненыя рэпрэсіі. Каб гэтыя вызваленьні адкрылі шлях для доўгатэрміновых сыстэмных зьмен у краіне».
«Адным з рашэньняў магла б быць агульная палітычная амністыя — ня толькі вызваленьні, але і поўнае закрыцьцё спраў і спыненьне перасьледу, што адкрые людзям шлях да вяртаньня дадому».
Пра галоўны вынік працы Офісу
«Калі б нас і нашай працы не было, калі б не было каліноўцаў, калі б не было мэдыяў, праваабаронцаў, усёй неймавернай працы дыяспары — то гэтае кляймо суагрэсара распаўсюдзілася б на ўсю нацыю».
«І калі вы спытаеце, які галоўны вынік нашай працы — я б назвала гэты: беларусаў адрозьніваюць ад рэжыму, а Беларусь — ад Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская пачала працу ў Варшаве