Нагодай для дыскусіі сталі выступы былых палітвязьняў Алеся Бяляцкага і Марыі Калесьнікавай.
Кныровіч станоўча ацэньвае любыя высілкі, якія вядуць да паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі. Ён адмоўна ставіцца да Дональда Трампа, але ўхваляе яго намаганьні па вызваленьні беларускіх палітвязьняў. Ён прызнае, што перамовы з рэжымам могуць стаць пасткай, прызнае, што ёсьць рызыка ператварыцца ў Юрыя Васкрасенскага. Аднак ён нязгодны з маралізатарскай пазыцыяй «белага паліто». Ён задае рытарычнае пытаньне: што рабіць са сваякамі, якія падтрымліваюць Уладзіміра Пуціна ці Аляксандра Лукашэнку — саджаць у турму ці высылаць? Такіх, паводле Кныровіча, 30% беларусаў.
Ён ня бачыць супярэчнасьць паміж заклікамі Калесьнікавай «дзяўбці» у 2020 годзе і яе цяперашнімі заклікамі вярнуцца ў нармальнасьць. Паводле яго пратэсты 2020 году былі натуральнай эмацыйнай рэакцыяй на гвалт і фальсыфікацыю выбараў, але цяпер іншая сытуацыя — больш за тысячу палітвязьняў, вайна, пагроза сувэрэнітэту.
Мажэйка нязгодны з меркаваньнем, што крытыка Калесьнікавай з боку ладнай часткі дэмакратычнай супольнасьці ўмацоўвае ў рэжыму і яго прыхільнікаў упэўненасьць, што рэпрэсіўны ціск трэба толькі нарошчваць. Ён нагадвае, што рэжым рэпрэсаваў людзей і ў 2020 годзе, калі яны выходзілі зь кветкамі і абдымкамі сілавікоў. На думку палітычнага аналітыка ўдалым мэханізмам вырашэньня спрэчак наконт розных палітычных стратэгіяў зьяўляюцца выбары ў Каардынацыйную раду, якія адбудуцца ў траўні сёлета.
Мажэйка нагадвае, што ні Сьвятлана Ціханоўская, ні Павал Латушка ніколі не былі праціўнікамі дыялёгу з уладамі, у 2021 годзе Ціханоўская ініцыявала масавае галасаваньне па пытаньні перамоваў на плятформе «Голас». Ён азначае, што ўлада са свайго боку не зьбіраецца весьці перамовы з апазыцыяй, прапанова ўлады нязьменная — паўзіце на каленях, кайцеся, зьвяртайцеся ў камісію Азаронка па вяртаньні. На рытарычнае пытаньне Кныровіча ён адказвае рытарычным пытаньнем — а што рабіць з тымі, хто служыў у «Вагнэры» і ўчыняў злачынствы — зь імі таксама прымірацца?..
Форум