На гэтым тыдні Сьвятлана Ціханоўская пачала працу ў Варшаве, дзе неўзабаве адкрыецца офіс беларускай дэмакратычнай лідэркі. Віленскі офіс таксама будзе працягваць дзейнасьць, паведаміла Ціханоўская ў тэлеграме.
У Варшаву пераедзе частка каманды, у прыватнасьці — галоўны дарадца Франак Вячорка і старэйшы дарадца Аляксандар Дабравольскі.
Памяшканьне для польскага офісу яшчэ рыхтуецца.
Офіс у Вільні таксама застаецца, захоўваючы рэгістрацыю і дыпляматычную акрэдытацыю. Яго ўзначаліць дарадца па дыпляматычных пытаньнях Дзяніс Кучынскі.
«Я таксама буду намагацца часта наведваць Літву і хацела б, каб Вільня засталася нашым дыпляматычным цэнтрам працы, роўна як і адным з цэнтраў беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці, — напісала Сьвятлана Ціханоўская. — Менавіта таму вялікая частка маёй каманды, у тым ліку міжнародны дэпартамэнт, працягне працу ў Літве».
Яна выказала спадзяваньне, што прысутнасьць у Польшчы ўзмацніць каардынацыю з польскімі і міжнароднымі саюзьнікамі, а таксама зь беларускай супольнасьцю ў Польшчы.
«Менавіта ў Польшчы цяпер знаходзіцца найбольшая беларуская супольнасьць у выгнаньні», — адзначыла Ціханоўская.
Яна падзякавала і польскаму, і літоўскаму ўрадам за падтрымку і салідарнасьць.
Як разьвівалася справа
7 кастрычніка 2025 году стала вядома, што Літва зьніжае ўзровень фізычнай аховы Ціханоўскай, якая разам зь сям’ёй жыве ў Вільні. Ахову перадалі ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Афіцыйная прычына — перагляд ступені пагрозы. Пазьней прадстаўнікі Ціханоўскай паведамілі, што праца фізычнага офісу дэмакратычнай лідэркі ў літоўскай сталіцы была прыпыненая ў сувязі «са зьменамі ў сыстэме аховы і бясьпекі».
10 сьнежня 2025 году Радыё Свабода, спасылаючыся на свае крыніцы, паведаміла, што Ціханоўская і частка яе офісу плянуюць пераехаць зь Вільні ў Варшаву, хоць дакладная дата пераезду яшчэ не была вызначаная.
17 студзеня інфармацыю пра хуткі пераезд Ціханоўскай паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на некалькі крыніц у камандзе Ціханоўскай і крыніцу ў Міністэрстве замежных спраdfў Польшчы.
23 студзеня дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі пацьвердзіў інфармацыю пра пераезд у эn'ры LRT. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што частка каманды застанецца працаваць у Літве. Кучынскі дадаў, што дзеці Ціханоўскіх з прычынаў бясьпекі цяпер жывуць з бацькам, Сяргеем Ціханоўскім, у ЗША.
Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні з 11 жніўня 2020 году, куды пераехала пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах пад ціскам і пагрозамі ёй і яе дзецям. У сталіцы Літвы паўстаў і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, які стаў цэнтрам палітычнай дзейнасьці дэмакратычных сілаў Беларусі.
Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, асабліва пасьля 2020 году. Але апошнім часам гучалі крытычныя галасы некаторых палітыкаў наконт таго, што Сьвятлана Ціханоўская мела занадта высокі статус аховы літоўскай Службай аховы кіраўніцтва і нібыта гэта задорага каштавала бюджэту краіны.
Форум