Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусам трэба трошкі патрываць, дачакацца, калі Лукашэнка сыдзе», — былы палітвязень, дарадца Ціханоўскай

Дзьмітры Кучук, дарадца Ціханоўскай у справе экалёгіі. Ілюстрацыйны каляж.
Дзьмітры Кучук, дарадца Ціханоўскай у справе экалёгіі. Ілюстрацыйны каляж.

Былы палітвязень, старшыня зьліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук стаў пазаштатным дарадцам Ціханоўскай у пытаньнях экалёгіі. У чым ён бачыць сваю галоўную задачу цяпер, і што можа паспрыяць вызваленьню палітвязьняў і спыненьню рэпрэсій?

Пра гэта ды іншае Ганна Соўсь гутарыць зь Дзьмітрыем Кучуком, які быў вызвалены ў выніку намаганьняў ЗША летась у верасьні і які будзе радзіць Ціханоўскай у экалягічных пытаньнях і ўдзельнічаць у падрыхтоўцы рэформаў і заканадаўчых ініцыятываў для новай Беларусі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнт гутаркі

— Вялікую дыскусію ў сацсетках выклікала інтэрвію былой палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай былой палітзьняволенай Марыне Золатавай, у якім сярод іншага яна заклікала да вяртаньня да нармальнасьці, да перамоваў з Лукашэнкам. Якім вам бачыцца працэс вяртаньне да нармальнасьці, калі выкарыстоўваць гэтую дэфініцыю?

— Я ў палітыцы вельмі даўно і дакладна вам скажу: беларусам трэба яшчэ трошкі патрываць. Трэба дачакацца, калі Лукашэнка сыдзе. І ўжо пасьля гэтага нешта рабіць. Пакуль Лукашэнка, скажам так, пры ўладзе, ніякай нармальнасьці там ня будзе. Гэта значыць, цяпер такі час, калі трэба крыху патрываць. Патрываць, можа, год, два, тры. У гістарычным маштабе гэта нічога не значыць. Але калі мы вернемся, пачнем выбудоўваць дыялёг, езьдзіць, наладжваць камунікацыі, то Лукашэнка атрымае такую перадышку і потым зноў возьме сваё. Таму мы мусім на яго ціснуць. І тут я цалкам згодны з тым, што Эўрапейскі Зьвяз не павінен здымаць санкцыі. А што да палітзьняволеных — ужо ёсьць дамоўленасьць з Трампам наконт тысячы чалавек. Гэта значыць, гэта проста трэба давесьці да канца. Лукашэнка таксама разумее пагрозу з боку Амэрыкі, калі з яго боку дамоўленасьці ня будуць выкананыя. Вельмі важны фактар — Украіна. Мы цяпер знаходзімся ў сытуацыі, якой раней не было, калі здараліся так званыя пацяпленьні...

У Лукашэнкі сур’ёзныя праблемы ў эканоміцы, грамадзтва яго не падтрымлівае, ён фактычна застаўся адзін унутры краіны, праводзіць сваю палітыку, узрост — 72 гады. Усё гэта фактары, якія ўплываюць. Нам проста трэба патрываць — літаральна яшчэ некалькі гадоў. Хаця мы ўсе трывалі ўжо 30 гадоў. Я яшчэ ў 1994 годзе чакаў, спадзяваўся, што ўсё зьменіцца. Але цяпер гэта ўжо блізка. Гэта, можна сказаць, справа часу. І самае цікавае, што гэта можа адбыцца зусім нечакана. Я ў гэта веру. Паглядзіце, што адбываецца ў Сырыі, у розных краінах, з тым жа Мадура. Учора ўсё было адно, а тут — бац, умоўна кажучы, верталёт, і ўсё мяняецца. І я думаю, што і ў Беларусі павінны адбыцца зьмены.

  • Дзьмітры Кучук — старшыня зьліквідаванай уладамі партыі «Зялёныя», былы палітзьняволены (вызвалены 11 верасьня 2025 году ў выніку перамоваў з ЗША), экспэрт у галіне кіраваньня адкідамі. Актыўны ўдзельнік дэмакратычнай апазыцыі з 2002 году, у партыі «Зялёныя» з 2008 году, з 2010 году на кіраўнічых пасадах. Прадпрымальнік з 1993 году, уладальнік і акцыянэр некалькіх кампаніяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG