Што зьменіцца для пацыентаў і мэдыкаў: як улады бачаць «Здароўе нацыі»

Анколяг Надзея Пятроўская.

Дзяржаўную праграму дзяржаўнай праграмай «Здароўе нацыі» у «ПіКу Свабоды» пракамэнтавала кандыдатка мэдычных навук, колішняя загадчыца аддзяленьня РПНЦ дзіцячай анкалёгіі Надзея Пятроўская, якая ў 2021 годзе была вымушаная зьехаць зь Беларусі, і якая цяпер працуе анколягам у праскім шпіталі Motol.

Паводле доктаркі Надзеі Пятроўскай, дакумэнт напісаны людзьмі, якія глыбока разумеюць праблему, асабліва калі гаворка ідзе пра анкалёгію, пра прэвэнтыўныя праграмы, праграмы скрынінгу і шмат сучасных практыкаў.

«Але калі я чытала гэты дакумэнт, мне ўспомніўся стары савецкі анэкдот, калі дзяўчынку Машаньку пытаюцца: «Машанька, дзе самая лепшая школа?» — «У Савецкім Саюзе». «Машанька, а дзе самыя лепшыя паліклінікі, бальніцы?» — «У Савецкім Саюзе». «Ну дык чаго ж ты плачаш, Машанька?» — «Хачу ў Савецкі Саюз». Я чытала гэты дакумэнт і адчувала нешта падобнае. Вядома, нікому не забаронена марыць і патрабаваць грошы на свае мары».

Паводле колішняй загадчыцы аддзяленьня Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, пастаўленыя мэты і задачы выглядаюць нерэалістычнымі найперш праз тое, што адкрыта не агучваюцца галоўныя праблемы ў галіне.

«Нават у заходняй сыстэме аховы здароўя існуюць вельмі вострыя праблемы. Працягласьць жыцьця павялічваецца, павялічваецца колькасьць пажылых хворых людзей, і гэта велізарная нагрузка на сыстэму. Але найперш гэта калясальная патрэба ў кадрах. Пра тое, што не хапае мэдычных работнікаў — у першую чаргу сярэдняга мэдпэрсаналу, мэдсясьцёр, — пра гэта ведаюць усе. У Чэхіі пра гэта гавораць ня толькі кулюарна, у ардынатарскіх, пра гэта гавораць з высокіх трыбун, гэтую праблему не хаваюць. Але ў беларускай дзяржаўнай праграме пра гэта не сказана ані слова. Так, ёсьць некалькі прапаноў пра паляпшэньне ўмоваў працаўладкаваньня, дапамогу з жытлом, фінансавую падтрымку. Урэшце, гэта толькі пляны. Я думаю, што кадравая праблема ў Беларусі стаіць значна больш востра, чым у Чэхіі, з улікам таго, што з Беларусі зьехала 800 тысяч чалавек, зь якіх, напэўна, некалькі дзясяткаў тысяч дактароў і мэдсясьцёр, Праграма, відавочна, напісана для галоўнага пацыента краіны, для якога і завушніцу з вуха, і прэпараты для пахудзеньня амэрыканскай вытворчасьці. Але ўсе ж выдатна разумеюць, што для звычайнага грамадзяніна гэтыя рэчы недаступныя».

У дзяржаўнай праграме «Здароўе нацыі» надаецца ўвага сыстэме аховы здароўя ў рэгіёнах, дзе бракуе спэцыялістаў і якаснай мэдычнай дапамогі. Надзея Пятроўская цяпер працуе анколягам у праскім шпіталі Motol, а да гэтага працавала тры гады анколягам у шпіталі Чэскага Крумлава. Абапіраючыся на яе досьвед працы ў раённым чэскім шпіталі, Пятроўская ацэньвае магчымасьці беларускай сыстэмы стварыць роўны доступ да якаснай мэдыцыны ў сталіцы і рэгіёнах.

«Я не працавала на пэрыфэрыі ў Беларусі, таму магу судзіць толькі па аповедах пацыентаў і калег. І тое, што зараз робіцца ў рэгіёнах Беларусі, — гэта, у прынцыпе, катастрофа, бо вузкіх спэцыялістаў фактычна няма. Урачоў шырокага профілю, так званых сямейных дактароў, вельмі мала, і цякучасьць кадраў вельмі высокая. Я не магу сказаць, што гэтых праблем няма ў рэгіёнах Чэхіі. Няхватка мэдыцынскага пэрсаналу там таксама істотная, але тым не менш сыстэма пабудавана такім чынам, што буйныя бальніцы — дзяржаўныя, а бальніцы ў малых гарадах аб’ядноўваюцца ў холдынгі і маюць часткова прыватны складнік свайго гаспадараньня. Яны могуць займацца камэрцыйнай дзейнасьцю і такім чынам зарабляць. У сувязі з гэтым урачы, якія працуюць у такіх невялікіх бальніцах у межах холдынгаў, у выніку атрымліваюць больш, чым дактары і сёстры, і іншы пэрсанал, — у дзяржаўных клініках. Я магу сказаць, што пасьля пераезду з Крумлава я сур’ёзна страціла ў фінансах».

Ці гэтыя праграмныя дакумэнты, кодэкс і дзяржаўная праграма «Здароўе нацыі» на пяць гадоў спрабуюць вырашыць праблемы беларускай сыстэмы аховы здароўя?

«На мой погляд, гэта проста спроба намаляваць прыгожую карцінку таго, як магло б і як павінна было б быць, напэўна, калі б былі сродкі і рэсурсы — ня толькі фінансавыя, але і кіраўнічыя. Ці можна пабудаваць у Беларусі разумную сыстэму аховы здароўя? Адназначна можна. Разумных людзей шмат, і ўрэшце, ня трэба вынаходзіць ровар — можна выкарыстоўваць досьвед іншых краінаў. І ўвядзеньне страхавой мэдыцыны — адзін са шляхоў. Мне падабаецца, як у Чэхіі працуе страхавая мэдыцына. Сацыяльны аспэкт страхавой мэдыцыны вельмі моцны, і гэта дае свае вынікі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як пачаць кар’еру за мяжой, калі табе за 40». Экс-загадчыца аддзяленьня РНПЦ у Беларусі — пра кар'еру з нуля, мову і заробак у Чэхіі. ВІДЭА