Былая старшыня літоўскага Сейму: «Пераезд Ціханоўскай у Польшчу — страта для Літвы»

Вікторыя Чміліце-Нільсэн

У Літве працягваюцца спрэчкі наконт слушнасьці мясцовай палітыкі стасоўна Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.

Старшыня Руху лібэралаў Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн, якая зь лістапада 2020 па лістапад 2024 гг. старшынявала ў Сейме, заявіла, што рашэньне Сьвятланы Ціханоўскай пераехаць у Польшчу — значная страта для Літвы. Палітык падкрэсьліла, што адказнасьць за гэта ляжыць на кіраўніцы цяперашняга ўраду Інзе Ругінене. На думку лібэралаў, менавіта сьвядомае рашэньне прэм’ер-міністаркі зьнізіць узровень аховы прадстаўніцы беларускіх дэмакратычных сілаў прывяло да гэтага кроку.

«Я лічу, што гэта страта. І маю падставы гэтак думаць. Сьвятлана Ціханоўская, магчыма, была ня так заўважная ў самой Літве, як ад яе чакалі, але яна была і, я не сумняюся, застаецца важнай амбасадаркай беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці Беларусі ўва ўсім сьвеце. Гэта палітык і лідэрка, якую прымаюць кіраўнікі ўсіх буйных і меншых дзяржаваў — хаўрусьнікаў Літвы», — сказала Чміліце-Нільсэн, перадае LRT.

«Калі Сьвятлана Ціханоўская бывала ў розных сталіцах і гаварыла пра сваю краіну, (…) яна заўсёды выказвала ўдзячнасьць Літве і падкрэсьлівала значэньне Літвы як ключавога партнэра ў барацьбе за дэмакратыю», — адзначыла яна.

Чміліце-Нільсэн лічыць вінаватымі ў пераезьдзе Ціханоўскай у Польшчу цяперашні ўрад і асабіста прэм’ер-міністарку Інгу Ругінене.

«Гэта было сапраўды сьвядомае рашэньне — зьнізіць узровень аховы, паслаць сыгнал рэжыму Аляксандра Лукашэнкі (…) пра тое, што мы ня бачым у гэтым каштоўнасьці і што нам было б зручней, каб яна зьехала. На мой погляд, гэта страта для нас, калі казаць выключна пра нашы інтарэсы. І, на жаль, у кантэксьце міжнароднай палітыкі Літва ўсё больш ператвараецца ў правінцыю і страчвае важныя інструмэнты», — заявіла Чміліце-Нільсэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гітанас Наўседа: «Аднойчы перамогуць і дэмакратычныя сілы нашых суседзяў — беларусаў!»

Літва вырашыла зьнізіць узровень фізычнай аховы Сьвятланы Ціханоўскай у кастрычніку. Да таго аховай займалася Служба аховы кіраўніцтва дзяржавы. З таго часу справа аховы палітыка была перададзена крымінальнай паліцыі. Неўзабаве зьявіліся першыя пагалоскі пра тое, што кіраўніцтва Офісу на чале з самой Ціханоўскай можа пакінуць Вільню.

У сьнежні 2025 году Радыё Свабода, спасылаючыся на свае крыніцы, паведамляла, што Ціханоўская і частка яе офісу плянуюць пераехаць зь Вільні ў Варшаву, хоць дакладная дата пераезду яшчэ не была вызначаная. Пазьней Дзяніс Кучынскі, дыпляматычны дарадца палітыка, у інтэрвію парталу «Люстэрка» сказаў, што канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае і пытаньні бясьпекі ўсё яшчэ абмяркоўваюць зь літоўскімі ўладамі. Аднак у студзені стала вядома, што Ціханоўская такі пакіне Літву, дзе мела жытло ад моманту выезду зь Беларусі ў жніўні 2020 году.

У літоўскіх палітычных колах вестка пра выезд Ціханоўскай з краіны выклікала шырокія дыскусіі. Частка палітыкаў вітала такі крок, адзначаючы, што Літва нічога ня траціць, а частка крытыкавала такое рашэньне, назваўшы яго ўдарам па рэнамэ дзяржавы. Што да скрытыкаванай Чміліце-Нільсэн прэм’ер-міністаркі Інгі Ругінене, то яна на пытаньне пра ад’езд Ціханоўскай адказала, што ня бачыць у гэтым пераезьдзе «ні выгады, ні страты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А хто ад гэтага выйграе?» Як адрэагавалі літоўскія палітыкі на інфармацыю аб пераезьдзе Ціханоўскай у Варшаву
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы амбасадар Украіны ў Менску назваў заявы Зяленскага на беларускія тэмы «акном магчымасьцяў» для беларускіх дэмакратычных сілаў