«Наш посьпех — украінцаў, палякаў, літоўцаў, беларусаў — можа быць толькі агульным»
«Сёньня мы ўсе тут, у Вільні, каб ушанаваць памяць і падзякаваць за адвагу ўдзельнікам Студзеньскага паўстаньня. Паўстаньня, якое пацьвердзіла, што наш лёс — быць разам. А наш посьпех — украінцаў, палякаў, літоўцаў, беларусаў — можа быць толькі агульным посьпехам. Роўна ў той ступені, у якой мы разам, мы можам быць незалежнымі. У нас адзін вораг, і гэта доўжыцца ўжо больш за чатыры гады поўнамаштабнай вайны, даўжэй, чым гады гібрыднай вайны, даўжэй, чым панаваньне савецкай Масквы і імпэрскага Пецярбурга.
Менавіта тут, у нашай частцы Эўропы, на землях нашых народаў і — што важна — у памяці людзей, ідзе супрацьстаяньне паміж дзьвюма мадэлямі падыходу да чалавека і грамадзтва. Ёсьць нашая агульная мадэль, у якой людзі, народы і культуры маюць значэньне. І ёсьць мадэль, якая ўкаранілася на ўсход ад нас і якая стагодзьдзямі прыходзіць у наш дом з пагардай і з войнамі супраць усяго, што нам дарагое. У Эўропы няма выбару, акрамя адной з гэтых дзьвюх мадэляў. Ёсьць толькі такія варыянты — свабода або залежнасьць, і нашы народы ведаюць гэта лепш за ўсіх. Менавіта таму мы можам рашуча казаць, што эўрапейская абарона недастатковая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гітанас Наўседа: «Аднойчы перамогуць і дэмакратычныя сілы нашых суседзяў — беларусаў!»«Пакуль што белы шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі»
Кожнае прамаруджваньне мае свае наступствы. Беларусь усё яшчэ вымушана існаваць як расейскае генэрал-губэрнатарства. Сёньня, праз столькі гадоў пасьля часоў Кастуся Каліноўскага, усё, за што ён змагаўся, застаецца актуальным для Беларусі, хоць для ўкраінцаў, літоўцаў і палякаў гэта ўжо спрацавала. І гэта актуальна ня толькі таму, што ён меў рацыю, а таму, што сапраўдную незалежнасьць і сапраўдную абарону жыцьця беларусы павінны яшчэ здабыць.
Пакуль што белы шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі — на жаль. Быў шанец у 2020 годзе гэта зьмяніць, і будзе яшчэ адзін шанец. Тады, аднак, падтрымка беларусаў была недастатковай, а сёньня мы ўсе адчуваем, наколькі стала цяжэй, даражэй і небясьпечней для ўсіх — праз залежнасьць Беларусі ад Масквы. Залежнасьць, якая не памяншаецца.
Апэратары расейскіх рэактыўных «Шахедаў» дзейнічаюць супраць Украіны таксама з тэрыторыі Беларусі. Сувязь для ўдараў падтрымліваецца зь Беларусі. Расея выкарыстоўвае Беларусь як палігон для шантажу Эўропы і сьвету «Арэшнікамі». Прамысловасьць Беларусі працуе на расейскую вайну, а гандлёвыя сувязі Беларусі дапамагаюць Пуціну купляць кампанэнты, неабходныя для стварэньня пагрозы ўсім у Эўропе.
Менавіта таму для Эўропы важна ня страціць ні адзін з народаў, якія жывуць свабодай. Менавіта таму для Эўропы крытычна важна не губляць час. Менавіта таму мы ўсе ў Эўропе павінны кожны дзень працаваць на карысьць моцнай Эўропы.
«Эўропа і сьвет павінны былі падтрымаць народ, які паўстаў»
Паўстаньне беларусаў павінна было перамагчы ў 2020 годзе, каб сёньня адтуль не было пагроз. Эўропа і сьвет павінны былі падтрымаць народ, які паўстаў, і гісторыя была б іншай — больш бясьпечнай. І тое самае мы можам сказаць пра Студзеньскае паўстаньне і пра іншыя выступленьні народаў, якія не былі падтрыманыя іншымі дзяржавамі дзесьці побач. У рэшце рэшт гісторыя карае тых, хто застаецца ў баку.
У значнай ступені войны XX стагодзьдзя зьяўляюцца наступствам абыякавасьці магутных гэтага сьвету ў XIX стагодзьдзі. Вайна Расеі супраць Украіны і іншыя расейскія войны — супраць Малдовы, супраць Чачні, супраць Грузіі — усё гэта наступствы абыякавасьці да праўды нашых народаў — праўды, якую нашы людзі адчуваюць — і абыякавасьці, праяўленай ключавымі дзяржавамі сьвету ў канцы савецкай эпохі, у 90-я гады і ў пачатку XXI стагодзьдзя, калі зрабілі стаўку на Расею — на «перазагрузку» з Расіяй, якая насамрэч стала «перагрузкай» для нас усіх.
«Занадта рана для расслабленьня ў Эўропе»
Зараз мы стараемся зрабіць усё, каб такія памылкі больш не паўтарыліся. Мы стараемся зрабіць усё, каб нашых сумесных дзеяньняў хапіла для рэальнай абароны Ўкраіны і Эўропы.
Дапамога Польшчы Ўкраіне пасьля 24 лютага зьяўляецца беспрэцэдэнтнай ва ўсёй гісторыі нашых народаў. Літва з намі — таксама на беспрэцэдэнтным узроўні. Усе краіны Балтыі з намі. Паўночная Эўропа з намі. Нямеччына зьяўляецца адным з найважнейшых абаронцаў жыцьця. Францыя з намі. Вялікабрытанія з намі. Амаль уся Цэнтральная Эўропа з намі. Італія з намі. Гішпанія і Партугалія, усе краіны поўдня Эўропы з намі. Румынія і Малдова з намі.
У 1863 годзе паўстанцы не маглі нават марыць аб такім адзінстве, а сёньня гэтае адзінства працуе.
Эўрапейскі Зьвяз існуе і з кожным годам становіцца мацнейшым. Злучаныя Штаты з намі. Канада з намі. Японія з намі. І наш заклік палягае ў тым, каб гэтае адзінства было на сто адсоткаў эфэктыўным. Не напалову, не на некалькі месяцаў у годзе, не да наступных выбараў у той ці іншай краіне, а на сто адсоткаў эфэктыўным. Ня столькі, колькі не шкада. Ня столькі, колькі можам. А столькі, колькі спрацуе. Так, каб не было пагрозы для Эўропы і для кожнага з нашых народаў.
Палітыкі Эўропы павінны шанаваць той факт, што яны прадстаўляюць вольныя і незалежныя дзяржавы і што ім ня трэба сёньня быць камандзірамі паўстаньняў супраць імпэрый ці акупантаў. Занадта рана для расслабленьня ў Эўропе, пакуль расейская ваенная машына не заціхла, а дыктатары ў суседзтве з Эўропай не слабеюць — усе яны глядзяць на Эўропу як на здабычу.
Эўропа заслугоўвае таго, каб быць моцнай. Быць вольнай. А наш лёзунг — за нашу і вашу свабоду — абавязкова спрацуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі ў Давосе: «У 2020-м ніхто не дапамог народу Беларусі, і цяпер расейскія ракеты дастаюць да большасьці эўрапейскіх сталіцаў»«У Расеі няма такіх ракет, якія маглі б адмяніць той факт, што народы Эўропы вольныя»
Калі нараджалася Студзеньскае паўстаньне, Кіеўскі ўнівэрсытэт быў адным з ключавых асяродкаў свабоды. Сёньня таксама ў кіеўскім небе і на зямлі Ўкраіны дзейнічае менавіта гэты асяродак адвагі, які гарантуе, што свабода нашых народаў ёсьць і будзе. Будзе ня толькі дзесьці схаваная ва ўнівэрсытэтах, ня толькі ў тайных ці падпольных таварыствах. Ня толькі дома мы зможам размаўляць на роднай мове і атрымліваць асалоду ад нацыянальных культур. Ня толькі шэптам мы зможам казаць пра нацыянальныя памкненьні.
Наша свабода ёсьць і будзе ў нашых арсэналах. Наша свабода ёсьць і будзе ў нашых краінах, на якія Масква больш ня мае ўплыву. Наша свабода ёсьць і будзе ў адукацыі, у нашых нацыянальных эканоміках. Наша свабода ёсьць і будзе ў правах нашых дзяцей, якіх ніхто не абмяжуе. Наша свабода ёсьць і будзе ў партнэрстве паміж нашымі дзяржавамі. Менавіта таму ў Расеі няма такіх ракет, якія маглі б адмяніць той факт, што народы Эўропы вольныя.
«І хачу сказаць асобна народу Беларусі — вы эўрапейскі народ»
І хачу сказаць асобна народу Беларусі — вы эўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў абʼяднанай, вольнай Эўропе. Эўропе мірнай. Эўропе моцнай. Вас немагчыма сьцерці. Нас усіх немагчыма сьцерці. Дзякуй усім беларускім добраахвотнікам, якія змагаюцца за нашу незалежнасьць і за гістарычны шанец для сваёй дзяржавы. Дзякуй усім, хто дапамагае Ўкраіне, і тым самым дапамагае таксама сабе. Дзякуй усім, хто падтрымлівае тое, каб праўда была пачутая, каб Эўропа дзейнічала, каб вайна была спыненая, а бясьпека — гарантаваная.
Пакаленьні перад намі змагаліся, каб мы былі. Нашы людзі змагаюцца, каб нашы дзеці і ўнукі, і іх дзеці і ўнукі былі і жылі. Жылі ў міры.
Каб значэньне меў не адзін чалавек дзесьці там на троне ў Расеі, а кожны з нашых народаў, кожны чалавек. Бо гэта эўрапейскі прынцып.
Людзі маюць значэньне. Народы маюць значэньне. Культуры маюць значэньне. Расея ж ня мае значэньня, бо той, хто супраць народаў, гістарычна заўсёды прайграе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская разам з прэзыдэнтамі Польшчы і Літвы ўшанавала памяць паўстанцаў Каліноўскага ў ВаршавеСловы падтрымкі вольнай Беларусі Ўладзімір Зяленскі сказаў і падчас прэсавай-канфэрэнцыі пасьля перамоў з прэзыдэнтамі Літвы і Польшчы: «Будзе дзень, калі Беларусь будзе разам з намі ў Эўропе. Людзі Беларусі гэтага заслугоўваюць».