Большасьць зь іх загінулі 8–9 студзеня — на піку гвалту падчас разгону пратэстаў, гаворыцца ў рэпартажы, апублікаваным 25 студзеня. Праз татальную цэнзуру і адсутнасьць у краіне інтэрнэту гэтую інфармацыю немагчыма праверыць празь незалежныя крыніцы.
Агучаная лічба рэзка супярэчыць афіцыйным зьвесткам Вышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірана пра 3117 загінулых.
Арганізацыя Абʼяднаных Нацый таксама дапускае значна вышэйшыя страты. Спэцыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Іране Маі Сато заявіла 22 студзеня, што паводле паведамленьняў ад лекараў колькасьць забітых цывільных асоб можа перавысіць 20 тысяч.
Amnesty International назвала маштаб забойстваў «беспрэцэдэнтным», адзначыўшы выкарыстаньне баявых патронаў, мэталічнага шроту і блякаваньне доступу да мэдыцынскай дапамогі.
Разбураныя мячэці, абгарэлыя будынкі, жудасная цішыня ў Тэгеране пасьля паўстаньня. ФОТА
Паводле Time, колькасьць сьмярцей у тыя два дні перавысіў магчымасьці дзяржаўных службаў. Неставала пакетаў для трупаў, машыны хуткай дапамогі не пасьпявалі вывозіць памерлых — і ўлады пачалі выкарыстоўваць фуры.
Гэтыя ацэнкі супадаюць з статыстыкай лякарняў, якую вывучыў нямецка-іранскі хірург-афтальмоляг Амір Параста. Паводле яго, мэдыкі зафіксавалі прынамсі 30 304 сьмерці па стане на 23 студзеня. І гэта не канчатковая лічба, дадаў ён.
Тым часам амэрыканская праваабарончая арганізацыя HRANA паведаміла, што пацьверджаная імі колькасьць загінулых складае 5459 чалавек (зь іх 94.3% — пратэстоўцы), а яшчэ 17 031 выпадак гібелі знаходзіцца ў стадыі расьсьледаваньня. Сярод забітых — дзясяткі студэнтаў, школьнікаў і дзяцей Каардынацыйная рада прафсаюзаў настаўнікаў апублікавала сьпіс больш як 40 студэнтаў і 29 школьнікаў, забітых падчас разгону пратэстаў. Гэтая лічба не канчатковая. Настаўнікі заклікалі неадкладна спыніць гвалт і вызваліць затрыманых пратэстоўцаў. Паводле праваабаронцаў HRANA, падчас пратэстаў загінулі 60 дзяцей.
Інтэрнэт-блякада ў Іране доўжыцца ўжо больш за 17 дзён
Пра гэта паведаміла Netblocks — арганізацыя, якая сочыць за свабодай інтэрнэту. Хоць «кароткачасовыя сполахі сувязі» могуць ствараць ілжывае ўражаньне аднаўленьня сеткі, насамрэч доступ забясьпечваецца пераважна праз VPN. Інтэрнэт заблякаваны, каб спыніць распаўсюд навін і ня даць пратэстоўцам каардынавацца. Гэта другі па працягласьці ў гісторыі пэрыяд адключэньня інтэрнэту. Даўжэйшым было толькі адключэньне ў Судане пасьля перавароту 2021 году — 25 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць «ценевага флёту» Ірану за здушэньне пратэстаўТэгеран дазволіў бізнэсоўцам карыстацца інтэрнэтам па 20 хвілін у дзень
Гандлёвым пасярэднікам у Іране дазволілі карыстацца інтэрнэтам — але толькі 20 хвілін у дзень і пад наглядам. Пра гэта паведаміў кіраўнік ірана-кітайскай гандлёвай палаты Маджыдрэза Харыры. Ён дадаў, што гэта «ніякім чынам не задавальняе патрэбы трэйдэраў».
Лічбавая блякада прыносіць мільёны даляраў стратаў штодня як бізнэсоўцам, так і эканоміцы краіны. Пры гэтым хваля пратэстаў пачалася менавіта праз эканамічныя праблемы, і гандляры былі сярод першых, хто далучыўся да дэманстрацый.
Наўпроставыя страты ад адключэньня інтэрнэту складаюць ад 18 да 28 мільёнаў даляраў паводле рынкавага курсу рыала. Раней дзяржаўныя СМІ Ірана абяцалі, што інтэрнэт будзе «цалкам адноўлены» да вечара 24 студзеня, але гэта не адбылося.