З шасьці гістарычных аб’ектаў Беларусі, выстаўленых на аўкцыён, змаглі прадаць толькі адзін

Колішні кляштар кармэлітаў у Глыбокім. Архіўнае фота

На плятформе Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы адбыліся аўкцыёны на продаж гістарычных аб’ектаў, якія выставілі апошнім часам.

23 студзеня спрабавалі прадаць:

15 студзеня плянавалі прадаць маёнтак Падароск, што ў Ваўкавыскім раёне Горадзенскай вобласьці, а 22 сьнежня 2025 году — «Мураванку Храптовічаў» XVIII стагодзьдзя.

Як вынікае з інфармацыі на сайце біржы, адбыўся толькі адзін аўкцыён — будынак кляштару кармэлітаў у Глыбокім, які ўлады спрабавалі прадаць з 2019 году, нарэшце знайшоў свайго ўласьніка. Для ўдзелу ў таргах зарэгістраваўся толькі адзін удзельнік, які і перамог у аўкцыёне — ён набыў гістарычны будынак за 47,25 рубля пры стартавай цане ў 45 рублёў.

Усе іншыя аўкцыёны не адбыліся — не было ніводнага ахвочага ў іх удзельнічаць.

Кляштар і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі пабудавалі ў 1639–1654 гадох на грошы фундатара — ваяводы амсьціслаўскага і старосты дзісенскага Язэпа Корсака.

У 1831 годзе манахі-кармэліты падтрымалі вызвольнае паўстаньне супраць расейскага панаваньня, а кляштарныя сутарэньні сталі месцам для захоўваньня арсэналу зброі, лячэньня параненых і схованкай для паўстанцаў.

У 1865-м, ужо пасьля паўстаньня 1863 году, кляштар закрылі, а касьцёл з 1875 году стаў праваслаўнай царквой. У жылым корпусе ў розныя гады дзейнічалі пансіён, бібліятэка, шпіталь, склады. На сёньня захавалася толькі адно крыло корпусу, два іншыя разабралі расейскія захопнікі ў 1892 годзе.

Аб’ект становіць сабой двухпавярховы цагляны будынак плошчай 1280 квадратных мэтраў з падвалам, пры ім пляц 10 сотак з правам арэнды на 40 гадоў. Новы ўласьнік мае падпісаць ахоўныя абавязкі, бо гэты аб’ект ёсьць гістарычна-культурнай каштоўнасьцю.

Пакуль невядома, хто набыў ва ўласнасьць гістарычны будынак у Глыбокім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Глыбокім зноў выставілі на продаж будынак кляштара кармэлітаў, якія падтрымлівалі антырасейскае паўстаньне