Як вынікае з інфармацыі, разьмешчанай на сайце Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы, чарговы аўкцыён заплянавалі на 23 студзеня 2026 году з стартавай цаной 135 рублёў. Першы крок таргоў вызначылі на ўзроўні 6,75 рубля.
На продаж выставілі станцыйны будынак і палову флігеля для фурманаў, пабудаваныя ў 1840 годзе. Яны маюць статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці. У 2019 годзе рынкавая цана іх складала 36 008,94 рубля.
Новаму ўласьніку таксама прапануюць частку зямлі на правах арэнды на 43 гады. Згодна з умовамі аўкцыёну, аб’екты можна выкарыстоўваць для разьмяшчэньня аб’ектаў адміністрацыйнага і сацыяльна-культурнага прызначэньня. Пасьля набыцьця ўласьнік мае ўзяць на сябе ахоўныя абавязкі.
Станцыя знаходзіцца ў вёсцы Паграбенка Сеньненскага раёну Віцебскай вобласьці недалёка ад шашы Р-87 Віцебск – Ворша. Раней гэта быў паштовы тракт, які злучаў Кіеў і Санкт-Пецярбург. Флігель пабудаваны паводле тыпавога на той час праекту, мае элемэнты нэаготыкі: сьпічастыя вокны, каваную павець, ляпніну.
У савецкі час тут была крама.
Форум