Рада міру для Лукашэнкі, забарона абортаў і скрадзеныя дзеці: Беларусь за тыдзень

Аляксандар Лукашэнка, Дональд Трамп, Сьвятлана Ціханоўская, Рада міру. Ілюстрацыйны каляж. Свабода Premium

Чым стане Рада міру для Беларусі і Лукашэнкі? Чым быў адметны беларускі ўдзел у форуме ў Давосе? Чаго насамрэч дасягнуць улады, забараніўшы рабіць аборты ў прыватных клінках? Пра што расказала Свабодзе мігрантка з Гвінэі, якую дэпартавалі зь Беларусі, забраўшы дачку ў дзіцячы дом?

А 16:30 менскага часу ў выніковым «ПіКу Свабоды» Ганна Соўсь падсумуе падзеі тыдня разам з экспэртамі — палітолягам і гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам, старшым дарадцам Ціханоўскай Франакам Вячоркам, праваабаронцамі Настай Базар і Энірай Браніцкай.

Цалкам глядзіце дыскусію на відэа

0:00 Рада міру для Лукашэнкі і Беларусі. Аналіз Аляксандра Фрыдмана
21:06 Улады абмяжоўваюць аборты: ці палепшыць гэта дэмаграфічную сытуацыю. Размова з Настай Базар
30:50 Ціханоўская ў Давосе. Новыя кантакты ў камандзе Трампа. Камэнтар Франака Вячоркі
42:27 Беларусь дэпартавала гвінэйскую мігрантку і адабрала яе дачку. Камэнтар Эніры Браніцкай

Тут фрагмэнт размовы з палітолягам і гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам


— Аляксандр Лукашэнка, якога Захад доўга цураўся з прычыны рэпрэсій у Беларусі і падтрымкі вайны Расеі супраць Украіны, прыняў запрашэньне Трампа. Якія магчымасьці Рада міра дае Аляксандру Лукашэнку? А Беларусі?

— Калі паглядзець пэрсанальна, то для Лукашэнкі гэтае прызнаньне з боку амэрыканцаў вельмі важна. Усё, што мы назіраем на працягу мінулага году і на пачатку гэтага году, паказвае, наколькі Лукашэнка пакутаваў ад адсутнасьці гэтага прызнаньня ўсе гэтыя гады, і ня толькі пасьля 2020-га году, але і раней. Калі амэрыканскі прэзыдэнт да яго зьвяртаецца, калі Злучаныя Штаты праяўляюць цікавасьць да яго, калі Злучаныя Штаты гатовыя супрацоўнічаць, дык Лукашэнка адразу адгукаецца, прычым робіць гэта вельмі апэратыўна. Дарэчы, да сёньняшняга дня краіны, якія паважаюць сябе, такія амбітныя краіны, напрыклад, як Кітай, вельмі асьцярожна да гэтага паставіліся, яны не сказалі Трампу «не», яны кажуць, што вывучаюць сытуацыю. А Лукашэнка вельмі хутка адрэагаваў, прадэманстраваўшы, наколькі яму важна гэтае супрацоўніцтва, удзел у розных фарматах, міжнароднае прызнаньне, паляпшэньне стасункаў са Злучанымі Штатамі.

Што тычыцца Беларусі, то калі гэтая рада будзе існаваць працяглы час, то праз пэўны час яе прадстаўляць у гэтай радзе будзе не Лукашэнка, а іншы чалавек, які будзе знаходзіцца на на чале Беларусі. Ацэньваць пэрспэктывы вельмі цяжка, пакуль не зразумела, ці гэта будзе нейкі фармат, які проста будзе існаваць, альбо там будзе нейкая актыўнасьць. Першапачаткова плянавалася зрабіць такую Раду міра для вырашэньня пытаньняў, зьвязаных з Газай. Зараз гэта не галоўнае пытаньне. Нешта можа і надалей зьмяніцца. Пакуль прадказаць цяжка, наколькі працяглы час будзе зацікаўлены Трамп гэтым праектам, што ён будзе інвэставаць у гэты праект. Калі высьветліцца праз нейкі час, што сапраўды сур’ёзныя, вялікія краіны ў гэтым праекце ўдзельнічаць не жадаюць, дык і Трамп можа проста страціць увагу і цікавасьць да гэтага праекту. Ня вельмі яму цікава, каб у гэтай радзе прысутнічалі фігуры такога маштабу і такога ўплыву, як як Лукашэнка. Гэта ж, відавочна, не ўзровень Трампа. Ён хоча, каб там была Індыя, каб там былі эўрапейскія краіны, каб там быў Кітай, каб там былі ўсе моцныя краіны гэтага сьвету на чале са Злучанымі Штатамі, і Злучаныя Штаты тым самым адыгрывалі дамінантную ролю ў сьвеце.

— Паводле аглядальніка Свабоды Валера Карбалевіча, запрасіўшы Беларусь у Раду міра, кіраўнік ЗША выцягвае рэжым Лукашэнкі з ізаляцыі, вяртае Беларусь у вялікую палітыку. Ці вы згодныя?

— Калі падыходзіць такім чынам, дык у гэтай радзе прысутнічае шмат хто з палітыкаў, хто быў у пэўнай ізаляцыі. Зараз мяняецца зьнешняя палітыка... Я ня бачу прынцыповых зьменаў для Лукашэнкі. З амэрыканцамі ён і кантактаваў без таго. Іншыя краіны, якія пагадзіліся на ўдзел у гэтай радзе на дадзены момант — Марока, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, былыя рэспублікі Савецкага Саюза, кшталту Казахстану, Узбэкістану, Вугоршчына — гэта ўсё тыя краіны, якія без таго гатовыя для кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Тыя, зь кім бы ён бы хацеў супрацоўнічаць і прынамсі палепшыць стасункі, гэта эўрапейскія краіны. Яны ставяцца да гэтай рады вельмі скептычна і пакуль не дэманструюць гатоўнасьці працаваць у гэтым фармаце.

— А калі Расея не далучыцца да Рады міра, як гэта можа паўплываць на рашэньне найбліжэйшага харусніка Пуціна, Лукашэнкі далучыцца да Рады?

— Я думаю, што Расея ў тым ці іншым фармаце далучыцца. Я б тут не разглядаў Лукашэнку як цалкам самастойнага гульца. Калі Лукашэнка прымае такія прынцыповыя рашэньні, ён гэта абмяркоўвае з Масквой. Калі прымалася рашэньне пра кансультацыі паміж Вашынгтонам і Менскам, я думаю, што Лукашэнка гэта абмеркаваў з Пуціным. Расейцы былі ня супраць, бо Лукашэнка — гэта чалавек, які гуляе на расейскім баку. Ён не гуляе супраць Расеі. І ягоная самастойная гульня, калі ўвогуле мы можам казаць пра самастойную гульню, вельмі абмежаваная. Я думаю, што перад тым, як уступіць у гэтую раду, Лукашэнка параіўся з Пуціным, і Расея была была відавочна ня супраць, нават больш. Лукашэнка і Пуцін, як мне падаецца, успрымаюцца амэрыканцамі як блізкія саюзьнікі, нават як адно цэлае. І гэты крок з боку Лукашэнкі быў успрыняты амэрыканцамі, як і тое, што Расея ставіцца да гэтай рады прыязна. Лукашэнка — гэта той, хто зрабіў першы крок, а Пуцін паглядзіць, бо ён усё ж ня можа адрозна ад Лукашэнкі бегчы за Трампам. Ён можа Трампу паслаць сыгнал ад Расеі, што мы ня супраць, мы дасылаем Лукашэнку. А ўжо далучэньне Расеі да гэтай рады будзе наступным крокам...

— Украіна заявіла, што яе дыпляматы вывучаюць запрашэньне, пры гэтым Уладзімір Зяленскі сказаў, што яму цяжка ўявіць сабе месца ў якой-небудзь радзе з Расеяй і Беларусьсю пасьля чатырох гадоў вайны. Чым можа быць абгрунтаваны ўдзел у аб’янаньні, у назве якой дэкляруецца мір, краіны — хаўрусьніка агрэсара, зь якой расейцы вялі наступ на Ўкраіну?

— Я думаю, што калі Трамп абіраў назву, ён асабліва не задумваўся наконт таго, як гэта будзе ўспрымацца, ці якую сувязь зь мірам маюць такія рэжымы, як расейскі альбо рэжым Лукашэнкі. Для яго гэта ўвогуле праблемай не зьяўляецца. Ён ж адкрыта казаў, што атрымалі запрашэньне тыя лідэры, якія моцныя, якія кантралююць важныя тэрыторыі, і якія ў адпаведнасьці з гэтым у стане вырашаць сурʼёзныя пытаньні. Гэта ключавы крытэр. А што тычыцца заяваў Зяленскага наконт цяжкасьці ўдзела ў абʼяднаньні разам з Расеяй і Беларусьсю, гэта такое досыць спрэчнае выказваньне. Калі мы возьмем Арганізацыю Абʼяднаных Нацый, там прысутнічаюць і Расея, і Беларусь па-ранейшаму, а Расея нават засядае ў Радзе бясьпекі ААН, і Ўкраіна застаецца ў фармаце ААН. Іншая справа, што гэты фармат існуе працяглы час, а другое — далучацца да арганізацыі, у якой прысутнічаюць і Беларусь, і Расея. Гэта будзе для Ўкраіны цяжкім рашэньнем.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.