Хроніка перасьледу 19 студзеня: у палітычных справах асудзілі былога дэсантніка і бухгальтарку

Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Асудзілі жыхара Мазыра, які атрымліваў падзяку ад Лукашэнкі

У Гомельскім абласным судзе вынесьлі вырак жыхару Мазыра Міхаілу Палазьніку, паведаміла «Вясна». Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (частка 1 і 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу). Падобна, Палазьніку прысудзілі пазбаўленьне волі ці «хімію» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову.

Паводле праваабаронцаў, Міхаіл жыў у Мазыры. У 2014 годзе ён у праходзіў тэрміновую службу ў Менскім гарнізоне і браў удзел у парадзе войскаў 3 ліпеня. За ўдзел у тым парадзе ён атрымаў падзяку ад Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: былога намесьніка кіраўніка турэмнай сыстэмы Беларусі разам з жонкай асудзілі за ўдзел у пратэстах

Былога дэсантніка пакаралі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

Берасьцейскі абласны суд асудзіў за «садзейнічаньне экстрэмізму» былога дэсантніка Максіма Дударгу, піша «Наша Ніва».

Максіму 29 гадоў. Мужчына родам з Лунінца, усё дарослае жыцьцё ён прысьвяціў спорту і вайсковай службе. Яшчэ ў 2015 годзе Максім бегаў маратоны і паўмаратоны ў складзе клюбу «Вікторыя».

Пазьней служыў у 38‑й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Берасьці. У лютым 2020 году дзяржаўныя мэдыя пісалі пра яго як пра ўзорнага афіцэра: «гвардыі старшы лейтэнант Дударга стаў найлепшым камандзірам дэсантнага ўзводу сілаў спэцыяльных апэрацыяў у выніку спаборніцтваў у палявой вывучцы».

Берасьцейскі абласны суд пакараў Максіма Дударгу паводле частак 1 і 2 артыкулу 361‑4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Прысуд Дударгу дакладна невядомы, але, імаверна, гэта «хімія» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову ці калёнія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 студзеня: новыя выракі ў палітычных справах у Берасьці і Гомлі

У палітычнай справе асудзілі 33‑гадовую бухгальтарку

Стала вядома яшчэ пра адзін прысуд, вынесены ў Берасьці ў палітычнай справе. Там асудзілі Настасьсю Ўласавец, якая да арышту працавала бухгальтарам.

Жанчыне 33 гады, яна родам з Івацэвічаў, скончыла эканамічны факультэт Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, працавала бухгальтарам у «Брэстаблаўтатрансе» і эканамістам у кампаніі «СмайлСтудыя», паведаміла «Наша Ніва».

Настасьсю Ўласавец судзілі паводле дзьвюх частках артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Дакладны вырак невядомы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 студзеня: зноў пакаралі лекара Бадамшына

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».