Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 студзеня: зноў пакаралі лекара Бадамшына

абноўлена
Суд у Менску. Архіўнае фота
Суд у Менску. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Зноў пакаралі лекара Бадамшына

Лекар-нэўроляг Руслан Бадамшын асуджаны на пазбаўленьне волі, паведаміла ініцыятыва лекараў «Белыя халаты».

У паведамленьні гаворыцца, што яму прысудзілі два з паловай гады зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крымінальную справу супраць былога палітвязьня Руслана Бадамшына завялі ў чэрвені 2025 году. Тады ж яго затрымалі. Абвінавацілі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Раней, 7 траўня 2024 году, суд Фрунзэнскага раёну Менску пакараў Бадамшына 3 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову паводле арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). За тое самае была асуджаная жонка лекара Тацяна Бадамшына.

Ад жніўня 2020 году Бадамшын правёў 63 дні пад адміністрацыйным арыштам. У 2021 годзе яго звольнілі з РНПЦ нэўрахірургіі, бо ў дзень вызваленьня з ізалятару ён спазьніўся на працу. Пасьля працаваў у прыватным мэдычным цэнтры.

Улады дадалі ў «сьпіс экстрэмістаў» яшчэ 30 чалавек

16 студзеня МУС зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленьне «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Сярод іншага, у сьпіс дадалі грамадзяніна Расеі Канстанціна Дзьмітрыева, мастачку Аксану Шаляпіну, а таксама 18-гадовую Ганну Старацітараву.

Усяго ў сьпісе цяпер у ім 6205 чалавек, піша «Вясна».

  1. Канстанцін Анішчанка, 39 гадоў
  2. Дзьмітры Богуш, 55 гадоў
  3. Ільля Васечак, 37 гадоў
  4. Натальля Галоўка, 49 гадоў
  5. Канстанцін Дзьмітрыеў, 36 гадоў
  6. Алена Добыш, 44 гады
  7. Максім Дударга, 29 гадоў
  8. Аляксей Ермаловіч, 29 гадоў
  9. Зьміцер Захараў, 32 гады
  10. Аляксандар Канавальчык, 46 гадоў
  11. Андрэй Канапацкі, 37 гадоў
  12. Аляксей Кісель, 39 гадоў
  13. Сяргей Кузьняцоў, 38 гадоў
  14. Ганна Кухарчык, 47 гадоў
  15. Сяргей Лагвіновіч, 39 гадоў
  16. Аляксей Мароз, 38 гадоў
  17. Іван Нікіпарцоў, 36 гадоў
  18. Максім Нікіценка, 43 гады
  19. Міхаіл Палазьнік, 34 гады
  20. Вячаслаў Прусс, 45 гадоў
  21. Дзяніс Пятроў, 44 гады
  22. Аляксандар Рудзкі, 32 гады
  23. Ганна Старацітарава, 18 гадоў
  24. Яўген Стралкоўскі, 48 гадоў
  25. Дзьмітры Царук, 37 гадоў
  26. Сяргей Цыганкоў, 27 гадоў
  27. Аксана Шаляпіна, 48 гадоў
  28. Павел Шумскі, 42 гады
  29. Аляксей Шыловіч, 50 гадоў
  30. Андрэй Янкавец, 38 гадоў

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 5 чалавек

  1. Ільля Барыскевіч
  2. Уладзімір Івашкевіч
  3. Дзьмітры Кегелеў
  4. Сяргей Саўчкоў
  5. Аляксандар Чыж

Гэтых людзей асудзілі на зьняволеньні за абразу Лукашэнкі і іншыя формы мірнай рэалізацыі свабоды меркаванняў, адзначылі праваабаронцы ў заяве.

Цяпер у Беларусі 1146 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 1195. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

XS
SM
MD
LG