Хроніка вайны: расейскі ўдар па Адэскай вобласьці і пагроза атакі на падстанцыі ўкраінскіх АЭС

Наступствы расейскага ўдару па Адэскай вобласьці 18 студзеня 2026 году

За апошнія сем дзён расейскія войскі выкарысталі супраць Украіны больш за 1300 ударных дронаў, прыблізна 1050 кіраваных авіяцыйных бомб і 29 ракет розных тыпаў.

На Адэшчыне адзін чалавек атрымаў раненьні

Улады Адэскай вобласьці паведамілі, што ў ноч на 19 студзеня расейскія бесьпілётнікі пацэлілі ў жылую, энэргетычную і газавую інфраструктуру. Адзін чалавек атрымаў раненьні.

У Адэскім раёне ў выніку атакі пацярпеў шматпавярховік і аб’ект крытычнай інфраструктуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне ўводзяць рэжым надзвычайнай сытуацыі ў энэргетыцы і мяняюць правілы камэнданцкай гадзіны

Улады Ўкраіны папярэдзілі аб пагрозе ўдару па падстанцыях АЭС

Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што ўкраінская выведка атрымала інфармацыю аб плянаваньні Расеяй удараў па падстанцыях, якія сілкуюць украінскія АЭС.

«Масква ня ведае межаў у сваіх генацыдных мэтах пазбавіць украінцаў электраэнэргіі пад час марознай зімы. Мы дзелімся адпаведнымі зьвесткамі з партнэрамі, папярэджваючы пра патэнцыйна катастрафічныя наступствы. Надыйшоў час для сьвету, уключна з МАГАТЭ і асноўнымі ўсясьветнымі дзяржавамі, якія шануюць ядзерную бясьпеку, выказацца і зрабіць дакладныя папярэджваньні Маскве і прымусіць яе адмовіцца ад такіх неабдуманых плянаў», — адзначыў Андрэй Сыбіга.

Спажыўцы могуць быць безь сьвятла па 16 гадзін на дзень

Генэральны дырэктар энэргетычнай кампаніі Yasno Сяргей Каваленка паведаміў аб істотным зьмяненьні графікаў адключэньня.

Паводле яго, максымальныя інтэрвалы 7 гадзін без сьвятла і 3,5 гадзіны з сьвятлом — ужо неактуальныя. Цяпер сьвятла можа ня быць цягам 16 гадзін на дзень.

У Кіеве працягваюцца экстранныя адключэньні: спажыўцы атрымліваюць электраэнэргію цягам 3 гадзін праз 10 гадзін выключэньня.

У нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укрэнэрга» падкрэсьлілі, што пасьля расейскіх удараў у энэргасыстэме краіны застаецца складаная сытуацыя.

У некалькіх рэгіёнах дзейнічаюць аварыйныя адключэньні электраэнэргіі. Іх абяцаюць скасаваць пасьля аднаўленьня стабільных паставак электраэнэргіі.

Найбольш складаная сытуацыя ў Кіеве і Херсоне, дзе расейскія войскі істотна пашкодзілі энэргетычную інфраструктуру.

Эўрапейскія партнэры Ўкраіны спрабуюць павялічыць пастаўкі энэргаабсталяваньня. На мінулым тыдні Чэхія і Латвія перадалі ўкраінскім энэргетыкам неабходны рыштунак і прылады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне пасьля расейскай атакі тры вобласьці без электраэнэргіі. Ёсьць загінулыя, у тым ліку дзіця