Дональд Трамп зрабіў гэтую заяву 13 студзеня ў кулюарах паездкі ў Дэтройт, у кароткім інтэрвію тэлеканалу CBS, не ўваходзячы ў дэталі, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
У адказ на пытаньне рэпартэра CBS пра рэакцыю ЗША на паведамленьні аб тым, што некаторых затрыманых у Іране могуць раніцай у сераду павесіць, Трамп падкрэсьліў, што пакуль нічога ня чуў пра павешаньне пратэстоўцаў, але дадаў, што «калі яны зробяць такое, мы прымем вельмі рашучыя захады».
На пытаньне, якая ў яго канчатковая мэта ў Іране, прэзыдэнт ЗША адказаў:
«Канчатковая мэта — перамагчы. Мне падабаецца перамагаць». Ён згадаў лёс Абу Бакра аль-Багдадзі і Нікаляса Мадура, а таксама ўдары па ядзерных абʼектах Ірану.
«Мы ня хочам бачыць таго, што адбываецца ў Іране, — сказаў ён. — І, ведаеце, калі яны хочуць арганізаваць пратэсты — гэта адно, а калі яны пачнуць забіваць тысячы людзей, а вы цяпер кажаце мне пра павешаньне — паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Нічым добрым гэта ня скончыцца».
Групы, у тым ліку арганізацыі, што базуюцца ў Нарвэгіі, Iran Human Rights і Hengaw, цытуючы крыніцы, паведамілі, што 26-гадовы Эрфан Салтані, абвінавачаны ў «вядзеньні вайны супраць Бога» за ўдзел у пратэстах, будзе пакараны сьмерцю 14 студзеня, праз шэсьць дзён пасьля арышту.
Інфармацыйнае агенцтва «Тасьнім», блізкае да Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), паведаміла 13 студзеня, што судовая ўлада вынесла першыя абвінаваўчыя выракі некалькім пратэстоўцам. Паводле агенцтва, прыярытэт будуць надаваць сур’ёзным справам, у тым ліку дзе арыштаваных абвінавачваюць у «вайне супраць Бога». Гэта злачынства, якое, паводле ісламскага заканадаўства Ірану, караецца сьмерцю.
Раней, удзень 13 студзеня, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пацьвердзіў падтрымку іранскіх пратэстоўцаў і заклікаў іх захопліваць урадавыя будынкі. Ён паўтарыў, што масавыя забойствы пратэстоўцаў павінны скончыцца, а пакуль гэтага не адбываецца, ён спыняе ўсе перамовы з іранскімі ўрадоўцамі.
Starlink стаў бясплатным для Ірану
Пасьля размовы паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і Іланам Маскам, уласьнікам кампаніі SpaceX, спадарожнікавы інтэрнэт Starlink стаў для жыхароў Ірану бясплатным.
У апошнія дні, пасьля поўнага адключэньня інтэрнэту ў Іране ўладамі ў адказ на масавыя пратэсты, Starlink стаў адным зь нямногіх спосабаў для іранцаў мець зносіны з вонкавым сьветам.
Карыстальнікі дзясяткаў тысячаў тэрміналаў і антэнаў Starlink па ўсім Іране сутыкнуліся з праблемамі ўнясеньня абанэнцкай платы. Таксама былі паведамленьні аб сур’ёзных перабоях у сыгналах Starlink.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На пратэстах у Іране загінулі больш за 2000 чалавек, «рэжым аятолаў» рыхтуе пакараньні сьмерцю для шэрагу затрыманыхНезалежная іранская праваабарончая арганізацыя HRANA, якая базуецца ў ЗША, 13 студзеня паведаміла, што пацьверджаная колькасьць загінулых у пратэстах павялічылася да 2571 чалавека.
Раней агенцтва Reuters цытавала неназванага іранскага чыноўніка, які паведаміў, што загінулых ужо каля 2000 чалавек. Гэта першы раз, калі ўлады прызналі вялікую колькасьць загінулых пасьля больш чым двух тыдняў закалотаў па ўсёй краіне.
Ёсьць думкі, што пры адключаным інтэрнэце і браку належнага абмену інфармацыяй паміж пратэстоўцамі і міжнароднай супольнасьцю загінулых папраўдзе можа быць значна больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заклікаў іранскіх пратэстоўцаў да захопу ўрадавых будынкаў: «Дапамога ўжо ў дарозе»