Жыхароў Белгарадзкай вобласьці Расеі заклікалі быць гатовымі да пераезду

Белгарад безь сьвятла, 9 студзеня 2026

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў заклікаў жыхароў быць гатовымі да пераезду «ў выпадку ўзьнікненьня складанай, надзвычайнай сытуацыі» дзеля праблемаў зь цепла- і электразабесьпячэньнем.

Энэргетычны крызіс у вобласьці здарыўся пасьля ўдараў украінскага войска па дзьвюх ЦЭЦ і падстанцыі ў ноч на 9 студзеня. Гладкоў адразу пасьля атакі паведаміў, што безь сьвятла засталіся 556 тысяч чалавек, амаль гэткая ж колькасьць людзей — безь цяпла, 200 тысяч чалавек — без вады. Тэлеграм-канал «Пепел» пісаў, што больш як 60 прадпрыемствам Белгараду дазволілі выкарыстоўваць электрычнасьць толькі ўначы — з 0:00 да 8:00. Апроч таго, празь перабоі з электразабесьпячэньнем не працуюць дзясяткі крамаў.

13 студзеня губэрнатар заявіў, што за кошт рэзэрвовай генэрацыі цалкам аднавіць электразабесьпячэньне дамоў і прадпрыемстваў «немагчыма». Улады, паводле яго, распрацоўваюць альгарытм перавозкі людзей у іншыя муніцыпалітэты.

«Ні ў якім разе не кажу пра тое, што зараз трэба кінуць усе свае рэчы і займацца тым, каб пераяжджаць у іншы рэгіён. Катэгарычна не. Трэба проста разумець у выпадку ўзьнікненьня складанай, надзвычайнай сытуацыі, калі можа ня быць цяпла і электраэнэргіі, пасьлядоўнасьць сваіх дзеяньняў. Калі ёсьць магчымасьць, пераяжджаем, перавозім дзяцей да сваякоў — туды, дзе ёсьць цяпло і электраэнэргія», — напісаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале.

Днём раней ён заявіў, што ў рэгіёне «сытуацыя вельмі цяжкая», «страты энэргетычных магутнасьцяў практычна катастрафічныя». і «на 100 адсоткаў праблему мы вырашыць ня ў стане».

Ад падобных праблем цярпяць і мірныя ўкраінцы. Расейскае войска рэгулярна б’е па абʼектах энэргетыкі, праз што гарады застаюцца безь цяпла і сьвятла.

Пасьля расейскіх удараў безь цеплазабесьпячэньня застаюцца каля 500 дамоў у Кіеве. Акрамя таго, пасьля чарговага абстрэлу ў ноч на 13 студзеня ў горадзе дзейнічаюць экстраныя адключэньні электрычнасьці. Спынены рух наземнага электратранспарту на правым беразе Кіева. 10 студзеня мэр Віталій Клічко нават прасіў часова пераехаць за горад кіяўлянаў, якія маюць там свае дамы з альтэрнатыўнымі крыніцамі цяпла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала інфраструктуру Ўкраіны. У Кіеве ў суботу экстрана адключалі сьвятло, цяпло і ваду

Былі цалкам адключаныя ад сьвятла суседнія з Кіевам Ірпень, Буча і Гастомель, вада падаецца паводле графіку, на запраўках чэргі па паліва для генэратараў. Энэргетыкі аднаўляюць электразабесьпячэньне, але на гэта можа спатрэбіцца час да 15 студзеня.

Агулам у выніку расейскіх абстрэлаў на раніцу 13 студзеня без электрычнасьці засталася частка жыхароў сямі абласьцей Украіны, а таксама сталіцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея працягвае абстрэльваць энэргетыку Ўкраіну. У NATO і ААН абмеркавалі ўдар «Арэшнікам» па Львове

І ў Кіеве, і ў Белгарадзе марознае надвор’е. Ад −10° і ніжэй.