12 студзеня ў Літве затрымалі 6 чалавек, якіх падазраюць ва ўдзеле ў арганізаванай групе, зьвязанай з кантрабандай беларускіх цыгарэтаў на паветраных шарах, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT).
У іх правялі ператрусы і знайшлі 7,5 тысячы пачкаў цыгарэт беларускай вытворчасьці, грошы, беларускія і літоўскія SIM-карткі ды тэлефоны. А яшчэ арыштавалі дзьве машыны.
Затрыманым — ад 25 да 46 гадоў. Гэта жыхары Вільні і памежных зь Беларусьсью Віленскага і Салечніцкага раёнаў.
Адзін з затрыманых сёлета грузаў
Памежная служба таксама апублікавала відэа першага зафіксаванага сёлета паветранага шара кантрабандыстаў.
Сёлета памежнікі перахапілі ўжо 7 паветраных шароў з 24 тысячамі пачкаў цыгарэт.
Леташняя ж статыстыка наступная:
- 635 перахопленых партый кантрабандных цыгарэт на шарах,
- 59 пасаджаных кантрабандысцкіх дронаў,
- 1,6 млн канфіскаваных пачкаў цыгарэт, перапраўленых у Літву па паветры.
- 171 затрыманы паводле падазрэньня ў кантрабандзе.
Праз шары зь беларускай кантрабандай Літва з 26 кастрычніка да 19 лістапада закрывала мяжу з Беларусьсю, а 9 сьнежня аб’явіла экстрэмальную сытуацыю.
З той жа прычыны летась 15 разоў прыпыняў працу віленскі аэрапорт і аднойчы — ковенскі. Гэта закранула больш за 350 рэйсаў, больш за 50 тысяч пасажыраў і прывяло да стратаў у памеры больш як 750 тысяч эўра, піша LRT.