Шрайбман: Лукашэнка прыдумае, як патлумачыць, чаму трэба надалей размаўляць з Трампам

Джон Коўл і Аляксандар Лукашэнка. Менск, 12 сьнежня 2025 году

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказаў на пытаньне, як на беларуска-амэрыканскія адносіны паўплывае затрыманьне кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура.

Паводле Шрайбмана, затрыманьне Мадура ня зьменіць фундамэнтальных прычынаў дыялёгу: ЗША застаюцца зацікаўленымі ўрэгуляваньнем ва Ўсходняй Эўропе, Дональд Трамп працягне шукаць гуманітарных перамогаў, а Аляксандар Лукашэнка — чарговых саступак ад Вашынгтону ў выглядзе аслабленьня санкцыяў. На думку аналітыка, стварэньне асобнай пасады спэцыяльнага пасланьніка ЗША ў Беларусі, якую заняў Джон Коўл, спараджае дадатковыя стымулы працягваць дыялёг, бо зьявіліся людзі, адказныя за гэты кірунак.

Шрайбман нагадаў, што і раней публічная частка перамоваў адбывалася даволі павольна — раз на некалькі месяцаў адбываўся візыт у Менск амэрыканскага прадстаўніка, да якога прымяркоўвалася вызваленьне палітвязьняў і зьняцьцё санкцыяў. А паміж гэтымі візытамі адбываецца ўся дыпляматычная праца. Аналітык лічыць, што рэгулярным сустрэчам з амэрыканцамі ў Вашынгтоне прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова ніякія апэрацыі ў Каракасе не перашкодзяць. Так што наступны візыт Коўла і без захопу Мадура адбыўся б праз пару месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка амаль праз тыдзень па амэрыканскай апэрацыі ў Вэнэсуэле пракамэнтаваў захоп Мадура


«Лукашэнку будзе дастаткова гэтага часу, каб прыдумаць нейкую новую, камфортную для ўсіх у беларускім рэжыме вэрсію таго, чаму амэрыканцы, вядома, драпежнікі, яны дзейнічаюць з парушэньнем усіх правілаў, але ў Беларусі няма выбару, акрамя як размаўляць зь імі ў нашых інтарэсах», — патлумачыў Шрайбман.

Прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант пасьля затрыманьня Мадура напісала гнеўны пост вялікімі літарамі, прапагандыст Рыгор Азаронак у сваіх камэнтарах заходзіўся ад лютасьці. А праз пэўны час прыедзе Коўл і Лукашэнка будзе яму ўсьміхацца?

«Прапаганда скажа, што мы патрэбныя, што нас лічаць важнымі. Вось бачыце — Мадура выкрадаюць, а нам падачкі нясуць, санкцыі скасоўваюць. Мы паказалі сваю сілу, Лукашэнка кантралюе перамоўны працэс, Расея ў курсе, Расея ўхваляе, Расея сама дыялёг з амэрыканцамі вядзе», — тлумачыць аналітык.

Шрайбман мяркуе, што ёсьць людзі, кшталту таго ж Азаронка, шчыра абураныя тым, што адбылося ў Каракасе 3 студзеня. «Можа быць, для яго і для падобных яму людзей Эйсмант і мусіла была капслокам зрабіць сваю заяву».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Катэгарычна» і «самым рашучым чынам». Як прадстаўнікі беларускіх уладаў асудзілі захоп амэрыканцамі Мадура