Уладзь Лабковіч быў адным зь беларускіх палітзьняволеных, якія ўдзельнічалі ў арганізаванай для ўкраінскіх і міжнародных мэдыя прэсавай канфэрэнцыі.
У вялікім інтэрвію Свабодзе праваабаронца расказаў, што перад канфэрэнцыяй адбылося кароткае абмеркаваньне, на якім ад удзелу ў ёй адмовіўся Павал Севярынец.
Лабковіч падчас размовы ў віленскай студыі Свабоды
«Мы сфармавалі сьпіс людзей, якія будуць удзельнічаць, — кажа Ўладзь. — Пытаньні і нашыя адказы загадзя не абмяркоўвалі. Адказы Віктара Бабарыкі на пытаньні аб вайне ва Ўкраіне мяне зьдзівілі. Праўда, зьдзівілі. Я хацеў бы, каб ён адказаў па-іншаму. Але прынамсі дакладна ня мне іх ацэньваць. Яны былі, гэта факт. Ён як асоба, як палітык сваю пазыцыю абазначыў».
Пасьля пытаньня ўкраінскай журналісткі аб тым, што беларускім вызваленым палітвязьням вядома пра вайну ва Ўкраіне, першым мікрафон узяў Віктар Бабарыка. Ён адказаў, што з самага раньняга дзяцінства ведае, што вайна — гэта заўсёды дрэнна. А разуменьне справядлівай і несправядлівай вайны заўсёды ўмоўнае.
Віктар Бабарыка побач з Марыяй Калесьнікавай неўзабаве пасьля вызваленьня, 13 сьнежня 2025 году. Фота праекту «Хачу жыць»
«Што датычыць канкрэтна гэтай, то вайна — гэта прычына пакутаў у першую чаргу для тых краінаў, якія ў яе ўцягнутыя, — сказаў Віктар Бабарыка. — І для людзей. І самае страшнае, што вайна зьяўляецца насамрэч пунктам, які разьядноўвае. Таму камэнтаваць нейкія рэчы, калі практычна нічога ня ведаеш, толькі аднабакова... Я ўвогуле нічога не магу сказаць. Мы ведаем, што вядуцца нейкія дзеяньні. Тое, аб чым мы можам гаварыць, — мы можам гаварыць толькі аб тым, што паказваюць у беларускіх сродках масавай інфармацыі… А гэта практычна нічога».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы раз за кратамі. Вялікая размова з Уладзем Лабковічам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Твайму Бяляцкаму прэмію далі!». Уладзь Лабковіч расказаў, як сьледчы і канваір рэагавалі на Нобелеўскую прэмію заснавальніка «Вясны» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы Наста Лойка і Марфа Рабкова ў няволі сустрэлі свае дні народзінаў