Валянтэрцы «Вясны», палітзьняволенай Марфе Рабковай 6 студзеня споўніўся 31 год, яна ўжо шосты раз адзначае дзень нараджэньня ў няволі. На 6 гадоў старэйшая за Марфу яе калега ў праваабарончай дзейнасьці Наста Лойка з арганізацыі Human Constanta. Сёньня Наста Лойка таксама адзначае дзень народзінаў, ёй споўнілася 37 гадоў.
Яны знаходзяцца ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі.
Напярэдадні беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ў сацыяльнай сетцы Х выказала падтрымку зьняволеным праваабаронцам і запатрабавала іх вызваленьня.
«Сёньня праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка адзначаюць свае дні нараджэньня за кратамі ў Беларусі. Для Марфы гэта ўжо шосты дзень нараджэньня ў статусе палітычнай зьняволенай. Абедзьве былі пазбаўлены свабоды за абарону правоў іншых людзей. Яны мусяць быць вызваленыя і вярнуцца ў свае сем’і», — напісала Ціханоўская на сваёй старонцы ў Х.
Марфа Рабкова асуджаная на 14 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня паводле шэрагу палітычных артыкулаў уключна з такімі, як «арганізацыя масавых беспарадкаў» ( ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) і «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім» ( арт. 361-1 КК).
Зьвесткі пра знаходжаньне Марфы Рабковай у калёніі ў Гомлі вельмі абмежаваныя.
Наста Лойка асуджаная на 7 гадоў зьняволеньня паводле артыкулу 130 КК аб «распальваньні варожасьці або звады».
Апошнія амаль паўгода Наста Лойка знаходзіцца ў ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу) калёніі, куды трапіла за нібыта парушэньні рэжыму. Тэрмін гэтага пакараньня заканчваецца ў студзені.
13 сьнежня 2025 году ў межах дамоўленасьцяў паміж Менскам і Вашынгтонам Аляксандр Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі з умовай іх наступнага выезду з краіны, у ліку якіх быў ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, а таксама юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч. Акрамя Рабковай і Лойкі, за кратамі застаецца яшчэ адзін праваабаронца — намесьнік старшыні «Вясны», віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч.
Форум