Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Твайму Бяляцкаму прэмію далі!». Уладзь Лабковіч расказаў, як сьледчы і канваір рэагавалі на Нобелеўскую прэмію заснавальніка «Вясны»


Уладзь Лабковіч у віленскай студыі Свабоды
Уладзь Лабковіч у віленскай студыі Свабоды

У вялікай размове са Свабодай праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч расказаў, якім чынам даведаўся пра атрыманьне Алесем Бяляцкім узнагароды і чаму ніяк не мог у гэта паверыць.

Навіну аб атрыманьні Алесем Бяляцкім Нобэлеўскай прэміі міру Уладзь Лабковіч засьпеў падчас знаходжаньня ў СІЗА на Валадарскага. Ён узгадвае, што тады інфармацыйная блякада была не такой моцнай і зьвесткі з волі часам даходзілі нават праз канваіраў.

«Па-мойму, гэта было нават у сам дзень прысуджэньня прэміі, — расказвае Уладзь. — Я быў у камэры, мы тады знаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы. Чакаў, калі мяне зноў выведуць у кабінэт, дзе гэта адбывалася. І тут адчыняецца „кармушка“, грукае канвойны і кажа: „Лабковіч, Лабковіч! Хадзі сюды!“. Я падыходжу, кажу яму: „Ну што?“. А ён мне: „Ты не ведаеш, я толькі што пачуў. Твайму Бяляцкаму далі Нобэлеўскую прэмію!“. Я яму адказваю, ды ну, хопіць жартаваць, ерунда нейкая. Не веру я ў гэта. А ён настойвае: „Ды дакладна. Я перад выхадам на працу пагартаў усе гэтыя вашыя каналы, пераправерыў. Не фэйк“. Ён такі радасны быў, нават павіншаваў мяне».

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Лабковіч кажа, што нягледзячы на шчырыя пачуцьці канваіра ўсё ж яму не паверыў. Праз некалькі дзясяткаў хвілін, у чарзе на «кабінэты» ён сустрэў самаго Бяляцкага.

«Кажу яму, Алесь, вас можна віншаваць? Вы атрымалі Нобелеўскую прэмію, — узгадвае Уладзь. — Ён мне адказвае, што нічога не ведае пакуль. Не ўяўляе, што гэта так. Пакуль рана яшчэ віншаваць, маўляў. Пасьля мяне адвялі ў пакой да сьледчага і ён мне першае што сказаў: „Я ніколі не думаў у жыцьці, што буду дапытваць Нобелеўскага ляўрэата“. Я яму адказаў, што слава канешне такая сабе. Але гэта можа стаць найвялікшай падзеяй у жыцьці. І ён адказаў, што дакладна. Я толькі тады паверыў, што ўсё гэта пра Нобелеўскую прэмію праўда».

Праваабаронца расказвае, што першымі эмоцыямі з гэтай нагоды была радасьць. Хаця Уладзь таксама разумеў, што атрыманьне Бяляцкім Нобэлеўскай прэміі можа не лепшым чынам паўплываць на будучы прысуд і стаўленьне з боку адміністрацыі турмаў. Але сам момант быў радасным.

Цалкам размова з Уладзем Лабковічам будзе апублікаваная на сайце і ў сацыяльных сетках Свабоды 8 студзеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG