Алесь Бяляцкі напісаў калёнку для New York Times: «Я, магчыма, і вольны, але беларускі народ — не»

Алесь Бяляцкі

Вызвалены з турмы нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі заклікае сьвет адрозьніваць Беларусь ад Расеі, а беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі.

Калёнка нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага апублікаваная ва ўплывовым амэрыканскім выданьні The New York Times.

У пачатку свайго артыкула Алесь Бяляцкі згадвае, як 13 сьнежня 2025 году ён прачнуўся ў сумнавядомай папраўчай калёніі № 9 у Беларусі, гэтак жа, як і кожны дзень цягам чатырох з паловай гадоў, будучы палітычным вязьнем.

«Але тая субота была іншай. Мне рэзка загадалі сабраць рэчы, завязалі вочы і павезьлі. Я паняцьця ня меў, куды мяне вязуць і чаму. Але калі мы перасеклі мяжу зь Літвой, я ведаў, што буду вольны. У той дзень я быў адным з 123 вязьняў, вызваленых у абмен на зьняцьце санкцыяў ЗША з ключавых тавараў беларускага экспарту. Я ўдзячны прэзыдэнту Трампу за тое, што ён гэта зрабіў, але справа яшчэ ня скончана», — піша Алесь Бяляцкі.

Ён перакананы, што ягоная гісторыя — частка шырэйшай гісторыі барацьбы за свабоду беларускага народу. Яго затрымалі ў ліпені 2021 году падчас жорсткіх рэпрэсіяў супраць палітычных апанэнтаў, распачатых Лукашэнкам у адказ на мірныя пратэсты ў 2020 годзе. Як лідэру праваабарончага цэнтру «Вясна» яму выставілі абвінавачаньне ў «кантрабандзе» грошай і фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія нібыта «груба парушалі грамадзкі парадак». Пасьля паказальнага суду 3 сакавіка 2023 году яго прызналі вінаватым і асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Працэс быў прызнаны ў сьвеце палітычна матываваным, у ААН заявілі, што Бяляцкага і ягоных калег адвольна ўтрымлівалі ў парушэньне міжнароднага права, і запатрабавалі неадкладнага і безумоўнага іх вызваленьня.

«Тым ня менш я заставаўся ў жахлівых умовах, зьмешчаны ў адзіночную камэру і пазбаўлены доступу да неабходных лекаў і рэгулярных кантактаў зь сямʼёй»,— піша Алесь Бяляцкі.

Згадваючы прэзыдэнцкія выбары 2020 году, ён піша, што тады беларускі народ змабілізаваўся, каб запатрабаваць павагі да сваіх дэмакратычных свабодаў:

«Электарат у 2020 годзе быў маладзейшы і больш актыўны ў пытаньнях правоў чалавека, чым тады, калі спадар Лукашэнка прыйшоў да ўлады больш за 30 гадоў таму. Як стала зразумела з шырокай падтрымкі яго апанэнткі, беларусы былі гатовыя да пераменаў.

Замест гэтага Лукашэнка распачаў тэрор супраць уласнага народу, каб захаваць уладу: яго памагатыя зьдзяйсьнялі жорсткае здушэньне мірных пратэстаў, адвольна кідаючы ў турмы тысячы людзей і паддаючы сотні і больш чалавек катаваньням».

У 2023 годзе Выскоі камісар ААН у правах чалавека Фолькер Цюрк знайшоў доказы сыстэматычных, шырока распаўсюджаных і грубых парушэньняў правоў чалавека і паведаміў, што некаторыя з гэтых парушэньняў могуць быць прыраўнаныя да злачынстваў супраць чалавечнасьці. Паводле Бяляцкага, у Беларусі ўсё яшчэ застаюцца як мінімум 1100 палітычных зьняволеных, а свабода слова і прэсы ў значнай ступені зьнішчаная, і кожны, хто крытыкуе рэжым Лукашэнкі, незалежна ад таго, ці ён праваабаронца, ці не, рызыкуе стаць ахяврай рэпрэсіяў:

«Людзі, зьняволеныя разам са мной, былі з усіх слаёў грамадзтва — студэнты, заводзкія рабочыя, вайскоўцы. Гэта былі проста людзі, якія адважыліся патрабаваць дэмакратыі.

Чаго сапраўды баіцца Лукашэнка, дык гэта таго, што адбудзецца, калі беларускі народ запатрабуе сваёй свабоды. Ён відавочна хоча застацца ва ўладзе, каб надалей узбагачаць сябе і сваю сямʼю. Ён хоча захаваць і ўмацаваць рэжым... Вялікія групы беларускага насельніцтва адназначна адкідаюць яго дыктатуру. Многія зь іх не пагодзяцца ні на што меншае, чым яго неадкладны сыход і магчымасьць будаваць дэмакратычнае грамадзтва».

На думку Бяляцкага, міжнародная супольнасьць адыгрывае вызначальную ролю ў падтрыманьні беларускага народу:

«Акрамя пастаяннага эканамічнага ціску на рэжым, у тым ліку санкцыяў супраць асобных людзей і эканамічных сэктараў, найважнейшымі крокамі, якія яна магла б зрабіць, была б падтрымка прадэмакратычных арганізацый як унутры, так і за межамі Беларусі.

Напрыклад, многія дэмакратычныя актывісты працуюць у выгнаньні. Дэмакратычныя краіны мусяць абараняць актывістаў за мяжой, якія могуць стаць мішэньню уладаў Беларусі, аказваць фінансавую падтрымку іх арганізацыям і спрыяць грамадзянскаму асяродзьдзю ў Беларусі, неабходнаму для прасоўваньня дэмакратыі і правоў чалавека, для магчымасьці крытыкаваць рэжым. Больш за тое, нягледзячы на небясьпеку, многія сьмелыя людзі ў Беларусі працягваюць працаваць дзеля свабоды, і пра іх нельга забываць. Мы павінны знайсьці новыя спосабы ўмацаваньня салідарнасьці празь межы з увагі на маштаб праблемаў, зь якімі сутыкаецца беларускі народ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Бяляцкі расказаў пра турму, вайну, Нобэлеўскую прэмію і будучыню Беларусі. Поўны тэкст інтэрвію Свабодзе

Бяляцкі пры гэтым заклікае сьвет адрозьніваць Беларусь ад Расеі, а беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі:

«Нягледзячы на хаўрус Лукашэнкі з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, некаторыя апытаньні паказваюць, што большасьць беларусаў пярэчаць адпраўцы войскаў на вайну Расеі супраць Украіны. Сьвет не павінен сьпісваць Беларусь як страчаную ў расейскай сфэры ўплыву.

Па-другое, мы мусім заўсёды адрозьніваць беларускі народ ад беларускага рэжыму ўва ўсіх сфэрах. Насельніцтва Беларусі ўзята Лукашэнкам у закладнікі. Няспынны супраціў беларускага народу перад абліччам жорсткіх рэпрэсіяў сьведчыць, што час Лукашэнкі заканчваецца. Вось чаму нам трэба паскорыць нашыя намаганьні, каб прынесьці дэмакратыю і правы чалавека ў нашу краіну. За ўвесь час зьняволеньня я ніколі ня траціў надзеі на беларускі народ. Сьвет таксама не павінен яе траціць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ўзнагародзіла Бяляцкага, Вінаградава і Лазарава мэдалём Няскораных«Імкненьне да волі і незалежнасьці ў нас невынішчальнае». Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі зьвярнуўся да беларусаўАлесь Бяляцкі расказаў, ці быў у лідэраў «Вясны» перад арыштам «плян Б». ВІДЭАПасьля вызваленьня 123 палітвязьняў дакладчык ААН заявіў, што прыкмет зьмены палітыкі рэпрэсій у Беларусі няма«Сабачая савецкая сыстэма». Алесь Бяляцкі ў інтэрвію Свабодзе расказаў пра стаўленьне ў турме да нобэлеўскага ляўрэата. ВІДЭААлесь Бяляцкі: «Для нас стратэгічна важна, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне». ВІДЭААлесь Бяляцкі сустрэўся з прэзыдэнтам Літвы

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
  • У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).