У Іране дзясяткі загінулых, больш за 1200 арыштаваныя. Сілавікі штурмавалі лякарню з параненымі пратэстоўцамі

Сілавы штурм лякарні з параненымі ў Іламе

За апошнія дні акцыі пратэсту адбыліся сама меней у 88 гарадах краіны ў 27 з 31 правінцыі.

У Іране за дзевяць дзён вулічных пратэстаў загінулі сама меней 29 чалавек і больш за 1200 арыштаваныя.

Як паведаміла агенцтва dpa, сярод загінулых ёсьць два супрацоўнікі сілавых структураў.

Пасьля таго як сілавыя структуры жорстка адрэагавалі на пратэсты, новая хваля акцыяў пачалася ў такіх мэгаполісах, як Тэгеран і Мэшхэд.

Пратэсты пачаліся ў канцы сьнежня 2025 году страйкам уладальнікаў крамаў у Тэгеране, якія такім чынам адрэагавалі на рэзкі рост цэн, інфляцыю і падзеньне курсу валюты. Пасьля ахвяраў сярод пратэстоўцаў акцыі перарасьлі ў палітычныя.

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, да пратэстаў ужо далучыліся студэнты сама меней 17 унівэрсытэтаў. У адказ пачалі праводзіць рэйды па студэнцкіх гарадках і арыштоўваць удзельнікаў акцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп выказаўся ў падтрымку пратэстоўцаў у Іране

Іранская служба Радыё Свабода апублікавала відэазапіс з пахаваньня двух братоў у Керманшаху, адзін зь якіх загінуў на месцы акцыі, а другі памёр у лякарні. Курдзкае агенцтва Kurdpa з спасылкай на «інфармаваную крыніцу» паведаміла, што яны былі параненыя кулямі.

Публікацыя сdа відэазапісу традыцыйнай жалобнай цырымоніі выклікала вялікі рэзананс у пэрсыдзкіх сацыяльных сетках.

У Іламе сілавікі штурмавалі лякарню, куды шпіталізавалі параненых пратэстоўцаў. Спробы супрацоўнікаў службы бясьпекі ўвайсьці і арыштаваць некалькіх параненых сустрэлі супраціў іхных сваякоў і мэдычнага пэрсаналу. Аднак фота і відэа, апублікаваныя ў сацыяльных сетках, сьведчаць, што сілавікі ў рэшце рэшт уварваліся ў лякарню, выкарыстоўваючы сьлезацечны газ і гвалт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Усё больш ахвяраў на пратэстах у Іране. ФОТА, ВІДЭА