Дэманстрацыі, выкліканыя гневам праз рэзкі рост цэн, інфляцыю і падзеньне курсу валюты, пракаціліся па ўсім Іране пасьля таго, як уладальнікі крамаў у Тэгеране абвясьцілі страйк з прычыны высокіх цэн і эканамічнай стагнацыі, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян спрабаваў разрадзіць пратэсты, абяцаючы «новыя рашэньні» для аздараўленьня эканомікі, але дэманстрацыі неўзабаве пашырыліся на ўсю краіну і закранулі шырэйшыя праблемы.
Эканамічныя праблемы пагоршылі шматгадовы палітычны і экалягічны крызіс у Іране. Раней у Тэгеране, дзе жывуць каля 10 мільёнаў чалавек, была моцная засуха.
Колькасьць ахвяраў расьце
Відэа, разьмешчаныя ў інтэрнэце і атрыманыя Радыё Фарда, сьведчаць, што пратэсты працягваюцца ў іранскіх гарадах Тэгеране, Ясуджы, Фэрдысе, Мэшхэдзе, Мэгэляце, а 3 студзеня на вуліцах Мэшхэду і Мэгэляту гарэлі пажары.
Найбуйнейшыя за апошнія тры гады пратэсты ў краіне прывялі да шматлікіх сьмерцяў і арыштаў, прычым дзяржаўныя СМІ і праваабарончыя групы паведамляюць розныя лічбы.
Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі як мінімум 12 чалавек, у тым ліку супрацоўнікі сілаў бясьпекі, у той час як курдзкая праваабарончая група Hengaw, якая базуецца ў Нарвэгіі, пацьвердзіла паведамленьні пра як мінімум 17 сьмерцяў з пачатку пратэстаў.
Інфармацыйнае агенцтва іранскіх праваабаронцаў HRANA, што працуе ў ЗША, паведаміла, што прынамсі 16 чалавек загінулі, а 582 арыштаваныя.
«За апошнія сем дзён прынамсі ў 174 месцах Ірану адбыліся пратэсты, вулічныя сходы або гандлёвыя страйкі», — гаворыцца ў справаздачы HRANA, апублікаванай 3 студзеня.
«Паведамлялі пра гэтыя пратэсты ў 25 правінцыях, таксама за гэты пэрыяд у 18 унівэрсытэтах адбыліся студэнцкія пратэсты», — дадае агенцтва.
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода не змагло самастойна праверыць гэтыя паведамленьні.
Тэгеран і Вашынгтон абмяняліся пагрозамі
У апошнія дні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і высокапастаўленыя іранскія чыноўнікі абмяняліся пагрозамі, бо дэманстрацыі сталі сьмяротнымі і надалей абвастраліся.
2 студзеня ў паведамленьні ў сваёй сетцы Truth Social Трамп заявіў, што Вашынгтон «гатовы да адказу», калі іранскія сілы бясьпекі заб’юць яшчэ больш пратэстоўцаў.
4 студзеня Трамп паўтарыў пагрозу, заявіўшы журналістам, што ў гэтым выпадку Іран «вельмі моцна пацярпіць».
«Мы вельмі ўважліва сочым за гэтым», — сказаў ён журналістам на борце Air Force One. Найвышэйшы правадыр Ірану аятала Алі Хамэнэі адрэагаваў рэзка.
«Важна, што калі чалавек разумее, як нахабна вораг спрабуе навязаць нешта краіне, службоўцам, ураду і нацыі, ён павінен цьвёрда і самаахвярна супрацьстаяць ворагу», — заявіў Хамэнэі 3 студзеня.
Трамп у сваіх камэнтарах сказаў, што калі іранскія ўлады будуць «жорстка забіваць мірных пратэстоўцаў, што для іх традыцыйна, Злучаныя Штаты Амэрыкі прыйдуць [пратэстоўцам] на дапамогу». Адказ Тэгерану на гэтыя словы быў асабліва моцным.
«Амэрыканскі народ павінен ведаць — Трамп пачаў гэтую авантуру. Яны павінны клапаціцца пра бясьпеку сваіх салдатаў», — напісаў Алі Лярыджані, сакратар Найвышэйшай нацыянальнай рады бясьпекі Ірану, у этэры X раней на мінулым тыдні.
Аднак Саід Башырташ, іранскі актывіст у выгнаньні, заявіў Радыё Фарда, што такія «пагрозы хутчэй падобныя на блеф».
«Іранскі народ вітае папярэджаньне Трампа, бо адчуе меншую пагрозу, калі выйдзе на вуліцы. Гэта вельмі пазытыўна, бо Ісламская рэспубліка будзе вельмі асьцярожна ставіцца да забойства людзей», — дадаў ён.
Яшчэ адзін іранскі выгнанец, вэтэран-дысыдэнт Мэгран Бараці, заявіў Радыё Фарда, што, нягледзячы на дзёрзкія выказваньні, «ёсьць расколіны ўнутры рэжыму, у тым ліку ў Корпусе вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), арміі і палітычным кіраўніцтве».
У камэнтарах, дасланых Радыё Фарда 2 студзеня, прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту заявіў, што Вашынгтон «працягне аказваць максымальны ціск на рэжым».
Гэтыя запальныя выказваньні зьявіліся праз шэсьць месяцаў пасьля 12-дзённай вайны ў чэрвені, калі ізраільскія і амэрыканскія самалёты нанесьлі ўдары па іранскіх ядзерных і вайсковых абʼектах.
Трамп вітаў прэмʼер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу ў сваёй рэзыдэнцыі Мар-а-Лага ў Флёрыдзе 29 сьнежня. Выступаючы 4 студзеня, Нэтаньягу заявіў, што ягоны ўрад салідарны з народам Ірану, дадаўшы, што, «вельмі магчыма, мы бачым той момант, калі іранскі народ бярэ свой лёс у свае рукі».
«Мы салідарныя з барацьбой іранскага народу і зь яго імкненьнямі да свабоды, незалежнасьці і справядлівасьці», — сказаў Нэтаньягу на штотыднёвым пасяджэньні кабінэту міністраў.
Што варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі
Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі. Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек. 85% зь іх — мусульмане-шыіты, амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне.
Краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй, Туркмэністанам, Іракам, Турэччынай, Афганістанам і Пакістанам.
У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся Найвышэйшым кіраўніком, прамысловасьць нацыяналізавалі, ува ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу, «заходнія ўплывы» былі абмежаваныя.
Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але ўсе законапраекты мае ўхваляць Рада вартавых канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Найвышэйшы кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.
Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца выбары прэзыдэнта. З 2024 году гэтую пасаду займае Масуд Пэзэшкіян. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а Найвышэйшы кіраўнік. Ён вызначае агульную палітыку, камандуе Ўзброенымі сіламі і вайсковай выведкай, прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве — старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і вайскаводаў усіх родаў войскаў.
Найвышэйшага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў кожны момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду да сваёй гібелі 28 лютага займаў Алі Хамэнэі, які перад гэтым з 1981 году быў прэзыдэнтам Ірана.
У сьнежні 2025 году на фоне эканамічных цяжкасьцяў у краіне ўспыхнулі пратэсты. Іх асноўным рухавіком спачатку былі вулічныя гандляры, потым далучыліся студэнты, іншыя жыхары гарадоў. Пратэсты не спыняліся каля 50 дзён і былі жорстка задушаныя. Праваабаронцы з арганізацыі HRANA пацьвердзілі больш за 7 тысяч сьмерцяў падас пратэстаў, і працягваюць правяраць яшчэ амаль 12 тысяч паведамленьняў.
Стасункі зь Беларусьсю
У 2006 годзе Беларусь вырашыла наладзіць зборку іранскіх аўтамабіляў Samand. Да згортваньня праекту ў 2013-м удалося выпусьціць толькі 2000 машын.
Абʼём гандлю Беларусі з Іранам за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў. Паводле ўладаў, у 2024 годзе ён вырас на чвэрць.
• У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі.
• У жніўні 2025 году іранскі прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян сустрэўся з Лукашэнкам у Менску. Яны дамовіліся скасаваць візы і адкрыць авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам.
• У сьнежні 2025 году міністры замежных справаў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб супрацьдзеяньні санкцыям.
Супраца ў вайсковай сфэры
• У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Тэгеране зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Яны падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
• У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў красавіку — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
• У красавіку 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
• У траўні 2024 году беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі — 2024» у Тэгеране. А ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры іранскай амбасадзе.
• У ліпені 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
• У жніўні 2024 году камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Беларусі Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану Абдулрагімам Мусаві і камандзірам ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі.
• У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
• У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і абвясьцілі пра намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.
Форум