Яны сустрэліся з міністрам замежных справаў Нямеччыны Ёханам Вадэфульфам. На сустрэчы таксама была Тацяна Хоміч, сястра Марыі Калесьнікавай, сябра Каардынацыйнай рады.
«Віктар і Марыя выказалі падзяку ЗША за намаганьні ў вызваленьні палітзьняволеных і выказалі надзею на тое, што Эўропа больш актыўна ўключыцца ў гэты працэс, — паведамляецца ў тэлеграм-канале каманды Віктара Бабарыкі. — Наша каманда таксама падкрэсьліла неабходнасьць зьніжаць ізаляцыю беларускага грамадзтва і вяртаць сувязі са зьнешнім сьветам».
Віктар Бабарыка і міністар замежных справаў Нямеччыны Ёхан Вадэфульф, Тацяна Хоміч, сястра Марыі Калесьнікавай.
Паводле інфармацыі Reuters, 23 сьнежня ў Бэрліне адбудзецца прэс-канфэрэнцыя Марыі Калесьнікавай і Віктара Бабарыкі.
У складзе апошняй групы вызваленых 13 сьнежня зь вязьніцаў выйшлі 123 палітвязьні. Большая частка зь іх была адпраўленая ва Ўкраіну, Алеся Бяляцкага прывезьлі ў Літву.
У групе былі прадстаўнікі палітычнай апазыцыі Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава, іхны паплечнік Максім Знак, праваабаронца-вясновец Уладзь Лабковіч, палітоляг Аляксандар Фядута, палітык Павал Севярынец і іншыя.
Вялікая група з 89 беларускіх палітвязьняў у ноч на 18 сьнежня прыбыла з Украіны ў Варшаву. Сярод тых, хто прыбыў у польскую сталіцу, былі Калесьнікава і Бабарыка. 14 сьнежня міністар унутраных спраў ФРГ Аляксандэр Добрындт паведаміў, што іх прыме Нямеччына. 20 чалавек прыехала ў Вільню.