У лістападзе 2025 году УСУ выканалі не менш за 14 нападаў на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы з дапамогай бесьпілётнікаў — гэта максымальная колькасьць нападаў за месяц з пачатку вайны.
Аб гэтым піша Bloomberg са спасылкай на публічныя заявы краін.
У мінулым месяцы пад атакі таксама патрапілі нафтаналіўныя збудаваньні і танкеры, якія перавозілі расейскую нафту. Так, у канцы мінулага тыдня, па словах крыніцы Bloomberg, Украіна атакавала два танкеры ў Чорным моры. Яшчэ адзін танкер, які раней перавозіў расейскую нафту, пацярпеў ад выбухаў ля берагоў сталіцы Сэнэгалу.
Увечары 28 лістапада прадстаўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ) паведамілі аб нападзе з дапамогай марскіх бесьпілётнікаў на судны расейскага «ценявага флёту» Kairos і Virat ля ўзьбярэжжа турэцкай правінцыі Коджаэлі. Абодва судны знаходзіліся пад санкцыямі ЭЗ, Вялікабрытаніі, Швайцарыі і ЗША і накіроўваліся ў Новарасійск, дзе ў ноч на 29 лістапада таксама быў атакаваны і выведзены са строю марскімі безэкіпажнымі катэрамі тэрмінал Касьпійскага трубаправоднага кансорцыюма (КТК), які экспартуе больш за 80% казахстанскай нафты.
У выніку была пашкоджаная адна з трох вынасных прычальных прыладаў, зь якіх нафта грузіцца на марскія танкеры. Міністэрства энэргетыкі Казахстану заявіла, што перанакіруе экспарт нафты па альтэрнатыўных маршрутах.
У Крамлі назвалі ўкраінскую атаку на КТК і танкеры «абуральным» выпадкам, бо «гаворка ідзе аб аб’екце міжнароднага значэньня і зь міжнародным удзелам», піша Расейская служба Радыё Свабода.
Расейскія войскі працягваюць рэгулярныя напады на энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны і цывільныя абʼекты, уключаючы жылыя дамы, прыносячы ахвяры і разбурэньні.