Расея пасьля размовы Пуціна і Трампа зноў атакавала ўкраінскую энэргетычную сыстэму. Украіна працягвае ўдары па нафтабазах

Наступствы расейскай атакі па Крывым Рагу з красавіку 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік рады абароны Крывога Рогу Аляксандар Вілкул паведаміў, што сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 22 расейскія дроны, але іншыя ўдарылі па аб’ектах інфраструктуры.

«У выніку больш за 10 пацэльваньняў на аб’ектах пачаліся пажары. [...] Галоўнае — бяз стратаў. Іншыя наступствы варожай атакі ўдакладняюцца, ідзе агляд тэрыторыі», — паведаміў Аляксандар Вілкул.

Паводле яго, без электрычнасьці засталіся некалькі паселішчаў у Крывароскім раёне. У горадзе ня выйшаў на лініі электрычны транспарт, улады спрабуюць замяніць тралейбусы аўтобусамі.

«У Нікапальскім раёне вораг атакаваў зь цяжкай артылерыі і дронамі Нікапаль і Пакроўскую грамаду. Пацярпелі жанчыны 69 і 89 гадоў. Пашкоджаныя тры шматкватэрныя і 4 прыватныя дамы», — дадаў Аляксандар Вілкул.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, камэнтуючы ўдар па Крыварожжы, заявіў, што расейскія войскі атакавалі Ўкраіну ня толькі дронамі, а і ракетамі.

«Хваля бесьпілётнікаў ударыла па Крывым Рагу — па цывільнай інфраструктуры. Яшчэ дзясяткі ўдарных дронаў былі ў небе. Зафіксаваныя таксама і ракеты. Фактычна гэтымі тыднямі ніводнай ночы не было без расейскіх удараў па Ўкраіне. Большасьць мішэняў — менавіта інфраструктура. Сыстэмны тэрор супраць нашай энэргетыкі», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

У анэксаваным Расеяй Крыме праблемы з энэргазабесьпячэньнем

Кіраўнік расейскай адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў паведаміў, што бесьпілётнікі пашкодзілі некалькі электрападстанцыяў.

«Ідуць аднаўленчыя работы. Падрабязьней пра час завяршэньня рамонтных работ і падачы электрычнасьці будзем паведамляць пазьней», — напісаў Сяргей Аксёнаў.

Згодна з інфармацыяй праўкраінскага Telegram-каналу «Крымский ветер», у выніку ўкраінскай атакі загарэлася яшчэ адна нафтабаза — цяпер пад Гвардзейскім. Праз пацэльваньні ў падстанцыі акупацыйныя ўлады скасоўваюць заняткі ў школах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі атакавалі гуманітарную місію ААН у Херсонскай вобласьці

16 кастрычніка адбылася тэлефонная размова прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна. Яна працягвалася амаль дзьве гадзіны. Трамп назваў яе «вельмі прадукцыйнай» і паведаміў аб дамоўленасьці спачатку правесьці сустрэчу дарадцаў на высокім узроўні, а пасьля ўжо на найвышэйшым узроўні. Трамп паведаміў, што ягоная сустрэча з Пуціным можа адбыцца неўзабаве ў Вугоршчыне. Вугорскі прэм’ер Віктар Орбан адразу заявіў пра гатоўнасьць яе правесьці.

Расейская армія рэгулярна з розных відаў узбраеньня абстрэльвае ўкраінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі пераконвае, што не наносіць мэтанакіраваных удараў па цывільнай інфраструктуры і мірных жыхарах.

Украінская ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і заяўляюць, што Расея мэтанакіравана зьнішчае аб’екты крытычнай інфраструктуры і мірных жыхароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У анэксаваным Расеяй Крыме гараць нафтабаза і электрападстанцыя. Расейскія войскі атакавалі Адэскую вобласьць і памежжа


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.