Пажар на нафтабазе ў Феадосіі, кастрычнік 2025 году. Скрыншот відэазапісу
У ноч на 13 кастрычніка расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 82 ударнымі дронамі, а памежжа — з баявой авіяцыі і артылерыі.
Супрацьпаветраныя сілы Ўкраіны зьбілі 69 бесьпілётнікаў, але 13 ударылі па сямі лякацыях. З раніцы Расея працягвае біць дронамі па ўкраінскіх гарадах.
У Адэскай вобласьці гараць склады, на памежжы — прадпрыемствы і жылы сэктар
Улады Адэскай вобласьці паведамілі, што расейскія войскі атакавалі цывільную інфраструктуру рэгіёну.
«Пачаўся маштабны пажар на плошчы больш за 5 000 м². Агонь ахапіў некалькі складзкіх памяшканьняў, дзе захоўвалася тканіна, адзеньне, пакавальны матэрыял. Папярэдне, адзін чалавек пацярпеў», — паведаміў вобласьці Алег Кіпер.
У горадзе Нежыне Чарнігаўскай вобласьці, як паведамілі ўкраінскія ратаўнікі, ад пападаньня дронаў загарэліся вытворчы цэх і адміністрацыйны корпус мясцовага прадпрыемства. Ніхто не пацярпеў.
У Сумах расейскія войскі пацэлілі побач з шматпавярховымі жылымі дамамі. У кватэрах павыбівала шыбы, у нежылым памяшканьні пачаўся пажар — яго змаглі апэратыўна патушыць.
Зноў пад ударам апынуўся цэнтар Харкава — пацярпеў інтэрнат і 2 цывільныя аўтамабілі. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.
У Запароскай вобласьці ў выніку расейскіх абстрэлаў 2 чалавекі загінулі, яшчэ два атрымалі раненьні. Пашкоджаныя прыватныя дамы, гаспадарчыя памяшканьні і аўтамабілі.
У Херсонскай вобласьці пяць чалавек параненыя, у Днепрапятроўскай — два.
У анэксаваным Расеяй Крыме гараць нафтабаза і электрападстанцыя
У ноч на 13 кастрычніка нафтабаза ў Феадосіі, што ў акупаваным Расеяй Крыме, зноў пацярпела ад удару бесьпілётнікамі.
«У выніку адбылося ўзгараньне. Пацярпелых, паводле зьвестак на цяпер, няма. Усе профільныя службы працуюць на месцы», — паведаміў падкантрольны Расеі кіраўнік Крыму Сяргей Арсёнаў.
Тым часам Telegram-канал «Крымскі вецер» з спасылкай на сваіх падпісчыкаў адзначыў, што ўдар выклікаў маштабны пажар, бачны за дзясяткі кілямэтраў. На адным участку спынілі рух цягнікоў.
Згодна з інфармацыяй гэтага каналу, пацярпела таксама падстанцыя 330 кВ «Сімферопаль». Людзі ня могуць выехаць на працу ў Сімферопаль, перакрытыя аўтадарогі. Улады мусілі зьмяніць рух прыгараднага аўтобуснага транспарту.
Паводле Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 13 кастрычніка над Крымам абясшкодзілі 40 украінскіх бесьпілётнікаў.
Ва Ўкраіне сытуацыю пакуль не камэнтуюць. Мінулая атака на гэтую нафтабазу была 6 кастрычніка.
Форум