Памёр былы камандзір САХР Уладзімер Буцько, які, імаверна, удзельнічаў у выкраданьні апанэнтаў Лукашэнкі

Копія экрану сайту асацыяцыі вэтэранаў спэцназу «Честь» з паведамленьнем пра сьмерць Уладзімера Буцько

У Беларусі ў 50 гадоў пасьля працяглай хваробы памёр былы камандзір групы Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня МУС (САХР) Уладзімер Буцько, паведаміла асацыяцыя вэтэранаў спэцназу «Честь».

Такое імя фігуравала ў паказаньнях экс-байца САХР Юрыя Гараўскага, які сьцьвярджаў, што Буцько быў датычны да выкраданьняў і забойстваў палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе.

7 траўня 1999 году ў Беларусі зьнік міністар унутраных спраў Юры Захаранка, 16 верасьня — экс-кіраўнік Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

У 2019 годзе былы баец САХР Юры Гараўскі, які папрасіў палітычнага прытулку ў Эўропе, заявіў у інтэрвію Deutsche Welle, што быў удзельнікам выкраданьняў і забойстваў. Яго паказаньні сталі асновай для абвінавачаньня ў судзе ў Швайцарыі ў 2023 годзе. Імя Ўладзімера Буцько гучала і ў інтэрвію, і на судзе.

Паводле паказаньняў Гараўскага, Буцько прымаў непасрэдны ўдзел у выкраданьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Гараўскі сьцьвярджаў, што менавіта Буцько разам з Юрыем Барадачом затрымалі Анатоля Красоўскага.

«Паўлічэнка сабраў усіх раніцай і сказаў, што едзем затрымліваць аднаго ці двух чалавек. Запытаўся: „Усе гатовыя?“. Мы адказалі: „Так“. Мы пад’ехалі да саўны, сядзелі ў дзьвюх машынах.

Паўлічэнка мне і Ўладзімеру Буцько сказаў прайсьціся і паглядзець, дзе і як мы будзем рабіць затрыманьне.

Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разьбіцьці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасьць злачынства. Я спэцыяльна разьбіў яму (Ганчару) нос, каб пайшла кроў.

Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага.

Пасьля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына — джып чорнага колеру. Мы паехалі ў бок Бегамля. Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, мы спыніліся на паркоўцы. Паўлічэнка выйшаў з машыны; празь пяць хвілін падышоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: „Падыміце галовы“. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: „Так, гэта ён“. Паўлічэнка сеў у машыну, і мы паехалі ў Бегамле.

У Бегамлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласьці побач. Пасьля гэтага падышоў Паўлічэнка і стрэліў у сьпіну абодвум, па два стрэлы зрабіў.

Пасьля хвілін праз 5-10 сказаў разьдзець іх, і калі я разьдзяваў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца. Я запусьціў руку ў туфель і дастаў спэцыяльную вусьцілку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы».

Гараўскі сказаў, што целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі «эскадрону сьмерці» пасьля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку.

«Бо ён доўга гарыць», — дадаў Паўлічэнка.

У паказаньнях таксама згадваюцца Юры Сівакоў, які на той момант быў міністрам унутраных спраў, і Віктар Шэйман, дзяржсакратар Савета бясьпекі. Паводле меркаваньня Гараўскага, гэтыя асобы былі ў курсе таго, што адбываецца.

Сьпіс асоб, імя якіх фігуруе ў справе аб выкраданьнях і забойствах (паводле паказаньняў Юрыя Гараўскага):

  1. Балынін
  2. Барадач Юры
  3. Будзько Юры
  4. Буцько Ўладзімер
  5. Гараўскі Юры
  6. Кажэўнікаў
  7. Карповіч Дзьмітры
  8. Наватарскі
  9. Паўлічэнка Дзьмітры
  10. Панкоў
  11. Румянцаў Аляксей
  12. Шкіндзераў Сяргей

Швайцарскі суд Юрыя Гараўскага апраўдаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дачка Юрыя Захаранкі, які зьнік 25 гадоў таму, спадзяецца на справядлівы суд пасьля зьмены ўлады ў Беларусі