Трамп упершыню накіруе Ўкраіне пакет вайсковай дапамогі, выкарыстоўваючы свае паўнамоцтвы, — Reuters

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп упершыню з моманту прыходу да ўлады загадае адправіць зброю Ўкраіне на $300 млн, выкарыстоўваючы надзвычайныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.

Аб гэтым піша Reuters з спасылкай на дзьве дасьведчаныя крыніцы.

Ідзецца аб вылучэньні дапамогі ў рамках Presidential Drawdown Authority (паўнамоцтваў на вылучэньне сродкаў), якія дазваляюць прэзыдэнту прымаць рашэньні без ухваленьня Кангрэсу. Дагэтуль Украіна атрымлівала дапамогу, ухваленую яшчэ пры адміністрацыі Джо Байдэна.

Суразмоўцы агенцтва сьцьвярджаюць, што кошт новага пакету вайсковай дапамогі можа скласьці каля 300 млн даляраў, у яго ўвойдуць у тым ліку ракеты для комплексаў супрацьпаветранай абароны (СПА) Patriot і ракеты сярэдняй далёкасьці. Пры гэтым, паводле іх, канчатковае рашэньне аб зьмесьце пакету яшчэ не прынята.

Трамп раней пацьвердзіў, што Белы дом разглядае магчымасьць перадаць Украіне комплекс СПА Patriot. Да гэтага Axios пісаў, што прэзыдэнт ЗША паабяцаў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму неадкладна адправіць Кіеву 10 ракет для сыстэмаў СПА Patriot.

Трамп пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта казаў, што ЗША патрацілі на абарону Ўкраіны сотні мільярдаў даляраў і неабходна спыніць вайну. Аднак апошнім часам прэзыдэнт ЗША ўсё часьцей гаворыць аб расчараваньні Расеяй, а пасьля апошняй размовы з Уладзімірам Пуціным Трамп заявіў, што ён «не ў захапленьні» і «не дасягнута ніякага прагрэсу» у пытаньні Ўкраіны.

У інтэрвію тэлеканалу NBC Трамп анансаваў «важную заяву аб Расеі» ў панядзелак. Ён зноў раскрытыкаваў Пуціна за працяг масаваных удараў па Ўкраіне. Паводле яго, ён чакае ўхваленьня Кангрэсам законапраекту аб санкцыях супраць краін, якія купляюць расейскія энэргарэсурсы.

«Яны прымуць вельмі буйны і вельмі балючы законапраект, але за прэзыдэнтам застанецца права вырашаць, ці выкарыстоўваць яго», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп пацьвердзіў, што Белы дом разглядае магчымасьць перадачы Ўкраіне комплексу Patriot

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля крытыкі Трампа на адрас Пуціна расейскае войска нанесла рэкордны ўдар па Ўкраіне ракетамі і дронамі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.