Расейскія войскі выпусьцілі па тэрыторыі Ўкраіны сем крылатых ракет, шэсьць «Кінжалаў» і 728 бесьпілётнікаў розных тыпаў, паведамілі Вайскова-паветраныя сілы Ўзброеных сілаў Украіны.
Усяго была зафіксаваная 741 паветраная цэль. Украінскія вайскоўцы зьбілі 7 ракет «Іскандэр-К», 296 бесьпілётнікаў, яшчэ 415 былі страчаныя або заглушаныя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Асноўным кірункам удару была Валынь, горад Луцк.
«Сродкі паветранага нападу праціўніка былі падбітыя ў 4 месцах, а таксама падзеньне зьбітых было ў 14 месцах», — дадалі яны.
Жанчына атрымала раненьні ў Кіеўскай вобласьці ў выніку расейскага ўдару, паведаміла абласная вайсковая адміністрацыя.
«Жанчына 1980 году нараджэньня атрымала раненьні ў выніку варожага нападу ў Браварскім раёне. Зараз яна шпіталізаваная ў мясцовай лякарні. Папярэдні дыягназ — закрыты пералом грудной клеткі. Ёй надаюць усю неабходную мэдычную дапамогу», — гаворыцца ў паведамленьні.
Аднагадовы хлопчык загінуў у Херсонскай вобласьці ў выніку атакі расейскага бесьпілётніка, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.
Мэр Луцку Ігар Палішчук назваў удар па Луцку «найбольш масаваным варожым нападам з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў і ракет».
Рэакцыя Зяленскага
У ноч на 9 ліпеня расейскія войскі выпусьцілі найбольшую колькасьць паветраных цэляў над тэрыторыяй Украіны за адзін дзень — 741, заявіў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, рэагуючы на новыя расейскія абстрэлы.
«Ужываліся нашыя дроны-перахопнікі — ёсьць дзясяткі зьбіцьцяў, мы маштабуем тэхналёгію. Працавалі і мабільныя агнявыя групы — таксама маем дзясяткі зьбіцьцяў. Дзякуй усім ваярам за трапнасьць», — адзначыў прэзыдэнт Украіны.
Паводле Зяленскага, у рэгіёнах Украіны ідзе ліквідацыя наступстваў начной расейскай атакі.
«Зараз у многіх вобласьцях Украіны працягваецца ліквідацыя наступстваў (...) Асноўны ўдар быў па Луцку. Пашкоджаньні зафіксаваны таксама ў Дняпроўскай, Жытомірскай, Кіеўскай, Кіраваградзкай, Мікалаеўскай, Сумскай, Харкаўскай, Хмяльніцкай, Чаркаскай і Чарнігаўскай вобласьцях», — удакладніў Зяленскі.
Ён зноў заявіў, што Расея адхіляе ўсе спробы дасягнуць міру і прыпыненьня агню:
«Чарговы доказ, што патрэбныя санкцыі — балючыя санкцыі супраць нафты, якая ўжо больш як тры гады вайны напампоўвае вайсковую машыну Масквы грашыма. Другасныя санкцыі супраць тых, хто купляе гэтую нафту і спансаруе забойствы. Партнэры ведаюць, як націснуць так, што Расея будзе вымушана думаць пра завяршэньне вайны, а ня новыя ўдары. Кожны, хто хоча міру, павінен дзейнічаць», — падсумаваў ён.
- Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у аўторак на пасяджэньні свайго кабінэту ў Белым доме, што ён незадаволены расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным і разглядае магчымасьць накладаньня дадатковых санкцыяў на Расею ў сувязі зь яе нежаданьнем завяршаць вайну ва Ўкраіне.
З словаў Трампа, Пуцін «нагаварыў нам мноства ўсякай лухты». Амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Пуцін паводзіць сябе зь ім «ветліва», але на практыцы гэта «ня мае ніякага сэнсу», бо, паводле Трампа, мноства людзей надалей гінуць.
На пытаньне, як Трамп будзе рэагаваць на апошнія дзеяньні Расеі, прэзыдэнт ЗША адказаў, што можа зрабіць «невялікі сюрпрыз». Ён дадаў, што вывучае законапраект аб новых санкцыях супраць Расеі, распрацаваны групай сэнатараў. Пры гэтым, з словаў Трампа, прыняцьце гэтага дакумэнту будзе залежаць ад яго думкі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум