Злучаныя Штаты Амэрыкі адпраўляюць дадатковыя ўзбраеньні Ўкраіне, заявіў 7 ліпеня ўвечары прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША.
«На ўказаньне прэзыдэнта Трампа Міністэрства абароны накіроўвае дадатковае абарончае ўзбраеньне Ўкраіне з мэтай гарантаваць здольнасьць украінцаў абараніць сябе ў той час, калі мы працуем з мэтай дасягненьня трывалага міру і спыненьня забойстваў», — гаворыцца ў заяве Шона Парнэла, прэс-сакратара Пэнтагону.
Ён падкрэсьліў, што адміністрацыя працягвае ацэнку паставак узбраеньняў па ўсім сьвеце ў кантэксьце іх адпаведнасьці стратэгіі «Амэрыка перш за ўсё». Пра якія віды ўзбраеньняў ідзецца, не паведамляюць.
Раней у панядзелак падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб намеры накіраваць Кіеву ўзбраеньні.
«Яны павінны мець магчымасьць абараніць сябе», — сказаў прэзыдэнт Трамп, адзначыўшы, што акцэнт будзе зроблены на пастаўках абарончых узбраеньняў. Дональд Трамп чарговы раз выказаў расчараваньне расейскім кіраўніком: «Я зусім не задаволены прэзыдэнтам Пуціным».
4 ліпеня прэзыдэнты Ўкраіны і ЗША Ўладзімір Зяленскі і Дональд Трамп правялі тэлефонныя перамовы. 5 ліпеня Трамп заявіў, што Ўкраіне патрэбныя зэнітна-ракетныя комплексы Patriot «для абароны».
«У нас была добрая размова зь Зяленскім», — сказаў Трамп журналістам на борце прэзыдэнцкага самалёта Air Force One. Пры гэтым паўтарыў, што ён «вельмі незадаволены» сваёй размовай з Пуціным напярэдадні і адмовай, як ён сказаў, расейскага лідэра працаваць над спыненьнем агню.
Адказваючы на пытаньне аб магчымай пастаўцы Украіне дадатковых комплексаў СПА Patriot, пра якія прасіў Зяленскі, Трамп заявіў: «Ім яны патрэбныя для абароны... Ім трэба нешта, бо іх моцна абстрэльваюць».
Нядаўняе рашэньне Вашынгтону прыпыніць пастаўкі некаторых відаў узбраеньняў, у тым ліку ракеты для Patriot, выклікала занепакоенасьць у Кіеве. Нямеччына вядзе з ЗША перамовы аб куплі сыстэмаў Patriot для наступнай перадачы Ўкраіне, аднак ніякіх рашэньняў пакуль не прынята.
Між тым NBC News з спасылкай на крыніцы паведаміла, што праверка амэрыканскіх вайсковых запасаў, пасьля якой Пэнтагон прыпыніў пастаўкі зброі Украіне, ня выявіла іх крытычнага недахопу. Паводле суразмоўцаў выданьня, колькасьць некаторых высокадакладных боепрыпасаў выявілася зьніжаная, але не дасягнула мінімальна дапушчальнага парогу. Аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў прыйшоў да высновы, што працяг дапамогі Украіне не падарве баяздольнасьці самых ЗША.
Рашэньне часова прыпыніць пастаўкі было, паводле інфармацыі NBC, ініцыятывай міністра абароны Піта Гэґсэта і яго намесьніка Элбрыджа Колбі, які даўно выступае за скарачэньне ўцягваньня ЗША ў расейска-ўкраінскую вайну і пераарыентацыю рэсурсаў на стрымліваньне Кітаю ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.
Форум