Сьпікер Міністэрства абароны ЗША Шон Парнэл. Архіў
Сьпікер Міністэрства абароны ЗША Шон Парнэл заявіў, што вайсковае ведамства пільна аналізуе свае падыходы да ажыцьцяўленьня дапамогі Ўкраіне.
«Міністэрства пільна аналізуе і карэктуе свой падыход, [...], захоўваючы баяздольнасьць арміі ЗША і прыярытэты абароны. Мы ня будзем паведамляць, колькі менавіта зброі і якіх відаў мы перадаём Украіне і калі менавіта гэта адбываецца. Але міністар абароны прадоўжыць даваць прэзыдэнту рэкамэндацыі для ўхваленьня рашэньняў аб далейшай вайсковай дапамозе Ўкраіне», — сказаў Шон Парнэл 2 ліпеня.
У той жа час ён не ўдакладніў, перадачу якой зброі перагледзяць і якіх краін гэта будзе датычыць.
Прадстаўніца Дзяржўнага дэпартамэнту ЗША Тэмі Брус на брыфінгу ў Вашынгтоне таксама заявіла, што ЗША не спынялі пастаўку ўсёй вайсковай дапамогі, а абмежаваньні закранулі толькі некаторыя тыпы ракет.
«Мы не спынялі адпраўку зброі ва Ўкраіну», — сказала Тэмі Брус.
Паводле яе, Міністэрства абароны ХША мае шмат «надзейных варыянтаў» дапамогі Ўкраіне.
2 ліпеня прэсавая сакратарка Белага дому Анна Келі паведаміла, што Злучаныя Штаты Амэрыкі часткова прыпыняюць пастаўкі зброі, раней абяцанай Украіне для выкарыстаньня ў вайне з Расеяй. Паводле яе, такое рашэньне было ўхваленае пасьля таго, як Пэнтагон выявіў занадта вялікае скарачэньне амэрыканскіх запасаў.
Пасьля гэтай заявы Кіеў запытаў тэлефонныя перамовы з ЗША. Міністэрства абароны Ўкраіны падкрэсьліла, што ўкраінскія ўлады не атрымлівалі афіцыйных паведамленьняў «аб прыпыненьні або пераглядзе графікаў паставак узгодненай абароннай дапамогі».
Раней амэрыканскія мэдыя з спасылкай на крыніцы паведамілі, што ЗША прыпынілі пастаўкі Ўкраіне шэрагу ўзбраеньняў, у тым ліку дзясяткі ракет для сыстэмаў СПА Patriot. Прычынай сталі засьцярогі што да зьмяншэньня ўласных вайсковых запасаў.
Паводле крыніц Politico і іншых амэрыканскіх мэдыя, могуць быць прыпыненыя пастаўкі:
ракет-перахопнікаў для сыстэмаў супрацьпаветранай абароны Patriot,
снарадаў для гаўбіц,
ракет Hellfire,
ракет «паветра-паветра».
Раней стала вядома, што ЗША замест пастаўкі ва Ўкраіну перакінулі каля 20 тысяч зэнітных ракет меншага калібру на Блізкі Ўсход.
Злучаныя Штаты паставілі Ўкраіне зброі і вайсковай дапамогі на больш як 66 мільярдаў даляраў ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум