Тым часам зьявілася інфармацыя, што адміністрацыя Трампа ўжо аднавіла пастаўкі некаторых відаў боепрыпасаў Украіне.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пацьвердзіў журналістам, што Белы дом разглядае магчымасьць перадачы Ўкраіне комплексу СПА Patriot.
«Яны хацелі б яго, яны падалі запыт. Яны сапраўды вельмі рэдкія, таму што ва Ўкраіну было адпраўлена шмат сыстэм, але яны хацелі б. Я ведаю, што яны запыталі. Нам трэба будзе паглядзець на гэтае пытаньне. Вельмі дарагі, вельмі дарагі комплекс. І вельмі шкада, што нам даводзіцца траціць столькі грошай на вайну, якой не здарылася б, калі б я быў прэзыдэнтам».
Трамп дадаў, што па Ўкраіне «вельмі моцна б’юць», таму Белы дом «паглядзіць на гэтае пытаньне».
Аб тым, што ў Белым доме разглядаюць пытаньне перадачы сыстэмы СПА Patriot Кіеву, пісала газэта The Wall Street Journal. Па дадзеных выданьня, рашэньне пакуль не прынятае. Са слоў Трампа таксама не было зразумела, якое рашэньне могуць прыняць ЗША. Axios паведамляе, што Вашынгтон таксама абмяркоўвае перадачу комплексу з Бэрлінам.
Пастаўкі зброі і ўзмацненьне супрацьпаветранай абароны 9 ліпеня ў Рыме падчас канфэрэнцыі па пытаньнях аднаўленьня Ўкраіны абмеркавалі Ўладзімір Зяленскі і спэцпрадстаўнік Трампа Кіт Келаг.
«Абмеркавалі пастаўкі зброі і ўзмацненьне СПА. На фоне павелічэньня расейскіх атак гэта адзін з прыярытэтаў. Казалі і аб закупцы амэрыканскай зброі, сумеснай абароннай вытворчасьці і лякалізацыі ва Украіне», — распавёў прэзыдэнт Украіны па выніках сустрэчы.
Reuters і Associated Press пішуць, што адміністрацыя Трампа ўжо аднавіла пастаўкі некаторых відаў боепрыпасаў Украіне. У прыватнасьці, размова ідзе аб 155-мілімэтровых снарадах і ракетах дакладнага навядзеньня, вядомых як GMLRS.
Axios раней паведамляў, што Трамп паабяцаў Зяленскаму неадкладна адправіць Кіеву 10 ракет для сыстэм СПА Patriot.
Форум