Расея нанесла авіяўдар па энэргааб’ектах Сумскай вобласьці. Украінскія ўлады назвалі страты

Наступствы абстрэлаў Харкаўскай вобласьці ў 2023 годзе. Ілюстрцыйнае фота

Удары наносілі пры дапамозе дронаў, авіябомбаў і артылерыі. Ва Ўкраіне ўдакладняюць маштабы разбурэньняў і колькасьць імаверных ахвяр.

Расейскія войскі ў велікодныя сьвяты ўдзень у нядзелю і ў ноч на панядзелак інтэнсіўна абстрэльвалі памежныя і прыфрантавыя гарады Ўкраіны.

У Сумскай вобласьці пашкодзілі высакавольтны аб’ект

Нацыянальная кампанія «Укренерго» паведаміла, што ў Сумскай вобласьці ў выніку расейскай атакі пацярпеў высакавольтны аб’ект. Адмыслоўцы аднаўляюць энэргазабесьпячэньне ў некалькі этапаў.

У абласной адміністрацыі ўдакладнілі, што без электраэнэргіі засталіся тры раёны — Сумскі, Роменскі і Ахтырскі.

«У экстраным парадку склікалі камісію па тэхнагенна-экалягічнай бясьпецы і надзвычайных сытуацыях, у часе якой ухвалілі рашэньне аб аднаўленьні работы аб’ектаў крытычнай інфраструктуры з аварыйных крыніц», — паведамілі ў Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі.

Над рэгіёнам украінскія СПА зьбілі 12 расейскіх дронаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі абстралялі Адэсу, ёсьць забітыя і параненыя сярод цывільных

У выніку расейскіх абстрэлаў страты энэргетыкі перавысілі адзін мільярд даляраў

Паводле Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны, пасьля інтэнсіўных абстрэлаў Расеяй украінскай энэргетыкі страты перавысілі адзін мільярд даляраў.

«Цяпер вядзецца пра сумы стратаў на больш як адзін мільярд даляраў. Але атакі працягваюцца і імаверна, што страты будуць павялічвацца», — сказаў міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Паводле яго, у выніку апошніх атак пашкоджаньні атрымалі аб’екты цеплавой і гідрагенэрацыі, а таксама сыстэмы перадачы электраэнэргіі.

«Сыстэма на сёньня стабільная, але сытуацыя дастаткова складаная», — адзначыў ён і дадаў, што для правядзеньня рамонтных работ і нарошчваньня магутнасьцяў манэўровай генэрацыі выкарыстоўваюць дапамогу міжнародных партнэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея зноў атакавала Ўкраіну. Ёсьць загінулыя і параненыя ў Харкаўскай і Запароскай вобласьці

У Харкаве атрымалі раненьні мірныя жыхары

Пятага траўня, калі ўкраінцы ішлі на велікодныя службы, расейскія войскі нанесьлі авіяўдар па жылых дамах у цэнтры Харкава.

«Вораг цынічна зьнішчае жыцьцё харкавян. Ёсьць параненыя сярод цывільных. Супрацоўнікі Нацпаліцыі і выратавальнікі праводзяць агляд пашкоджаных будынкаў. Маем вельмі сур’ёзныя разбурэньні. Ніводнага вайсковага аб’екта там не было», — паведаміў мэр Харкава Ігар Церахаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве заявілі аб імавернасьці закідваньня Расеяй дывэрсійных груп. Зь якіх кірункаў гэта магчыма

Найбольш параненых у Данецкай вобласьці

Кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Вадзім Філашкін паведаміў, што ў выніку абстрэлаў 5 траўня ў рэгіёне загінуў адзін чалавек і яшчэ 6 атрымалі раненьні.

Расейцы атакуюць Часавы Яр, Міхайлаўку, Краснагораўку і Георгіеўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне і Расеі заявілі аб ахвярах у выніку ўзаемных абстрэлаў дронамі. У Калускай вобласьці пацярпеў чарговы НПЗ

Расейскія ўлады абвінавацілі Ўкраіну ў атацы Белгарадзкай вобласьці

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Расеі Вячаслаў Гладкоў заявіў, што ў выніку атакі дронамі з боку Ўкраіны пацярпелі легкавы аўтамабіль і два мікрааўтобусы, у якіх на працу накіроўваліся рабочыя.

«Інцыдэнт адбыўся ў раёне сяла Бярозаўка Барысаўскага раёну. На вялікі жаль, у выніку выбуху шэсьць чалавек памерлі на месцы ад атрыманых траўмаў», – паведаміў Гладкоў.

Паводле яго, пацярпелі 42 чалавек – іх шпіталізавалі ў мэдычныя ўстановы вобласьці.

Пазьней паведамілі аб сьмерці яшчэ аднаго пацярпелага.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.