У Кіеве заявілі аб імавернасьці закідваньня Расеяй дывэрсійных груп. Зь якіх кірункаў гэта магчыма

За апошні тыдзень Расея двойчы абстраляла Кіеў. 25 сакавіка паветраная трывога прагучала адначасова з выбухамі ад ракет
За апошні тыдзень Расея двойчы абстраляла Кіеў. 25 сакавіка паветраная трывога прагучала адначасова з выбухамі ад ракет

У Кіеве перагледзяць парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў, дзейнасьць грамадзкага транспарту, а таксама мэдычных і адукацыйных устаноў.

Начальнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко заявіў аб пагрозе пранікненьня ва ўкраінскую сталіцу расейскіх дывэрсійна-выведных груп і павелічэньня ракетных атак на Кіеў з выкарыстаньнем хуткасных ракет.

Гэтыя пагрозы разгледзелі на экстраным пасяджэньні Рады абароны Кіева.

Сяргей Папко паведаміў, што праз гэтыя пагрозы трэба перагледзець парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў з удзелам вялікай колькасьці грамадзян, а таксама дзейнасьць грамадзкага транспарту, спартовых, адукацыйных і мэдычных устаноў.

«Асобна будзе ажыцьцяўляцца маніторынг сацыяльных сетак і распаўсюд дэзынфармацыі, правакацый і іншай інфармацыі, накіраванай на дэстабілізацыю сытуацыі ў сталіцы», — паведаміў начальнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі.

Сяргей Папко заклікаў кіеўлян не панікаваць і не ігнараваць сыгналы паветранай трывогі, а ўсе адказныя структуры забясьпечыць сталы доступ да сховішчаў і гатоўнасьць пунктаў нязломнасьці да выкарыстаньня.

Зь якіх кірункаў магчымае перакіданьне дывэрсантаў

На поўначы Ўкраіна мяжуе з Гомельскай вобласьцю Беларусі — у Жытомірскай і Чарнігаўскай абласьцях, зь якіх найбліжэй да Кіева. Аднак з 2022 году ўлады Ўкраіны пачалі ствараць глыбока эшалянавую сыстэму фартыфікацыйных загародаў, здольную папярэдзіць новы наступ на Кіеў.

Горш пабудавана абарона ў Сумскай вобласьці, дзе Ўкраіна мяжуе з Расеяй. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з поўначы Ўкраіны ў канцы сакавіка 2022 году расейскія войскі не спыняюць абстрэлаў пунктаў Сумскай вобласьці. Шмат населеных пунктаў у гэтым рэгіёне амаль цалкам зьнішчана, з памежных эвакуююць грамадзян.

Расея ўзмацніла абстрэлы гэтага рэгіёну з пачатку 2024 году. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, сёлета ў студзені–сакавіку адбылося 3225 абстрэлаў, у тым ліку ракетных — 15, авіяўдараў — 234, дронамі — больш за 200. Цягам 2023 году ў Сумскай вобласьці зафіксавалі больш за 8 тысяч абстрэлаў, у тым ліку ракетных — 2, авіяўдараў — 123, дронамі — 65.

27 сакавіка Сумскую вобласьці наведаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Там ён правёў нараду аб супрацьдзеяньні расейскаму тэрору, умацаваньні аб’ектаў крытычнай інфраструктуры і бясьпекі ў памежных населеных пунктах.

Кіеўскія ўлады таксама не выключаюць, што ў сталіцы па-ранейшаму могуць дзейнічаць «агенты расейскіх спэцслужбаў і іншых варожых элемэнтаў для дэстабілізацыі сытуацыі».

​
XS
SM
MD
LG