Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жытомірскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю будуюць дадатковыя фартыфікацыі


Віталь Бунечка. Архіўнае фота
Віталь Бунечка. Архіўнае фота

Новыя фартыфікацыі ўзводзяцца ў межах будаўніцтва глыбока эшалянаванай сыстэмы абароны, якую пачалі ствараць з 2022 году.

Кіраўнік Жытомірскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Бунечка паведаміў пра ўзьвядзеньне на мяжы зь Беларусьсю дадатковых фартыфікацыйных умацаваньняў.

«Нягледзячы на зьменлівае надвор’е, будаўнікі не спыняюць капаць равы і хады спалучэньня і ўсталёўваць бэтонныя ўмацаваньні для абароны вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны», — напісаў Віталь Бунечка на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле яго, новыя фартыфікацыі ўзводзяць у межах будаўніцтва глыбока эшалянаванай сыстэмы абароны, якую пачалі ствараць з 2022 году.

«У цеснай супрацы з вайсковым камандаваньнем пабудавалі доўгатэрміновыя агнявыя пазыцыі з армаванага жалезабэтону, паставілі інжынэрныя загароды: супрацьтанкавыя равы, мінныя тэрыторыі, „зубы цмока“», — удакладніў кіраўнік Жытомірскай вобласьці.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG