Зяленскі: Расея да 1 чэрвеня рыхтуе мабілізацыю 300 тысяч вайскоўцаў

Аляксандар Стуб і Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны назваў лічбу жаўнераў, якую, паводле ягоных зьвестак, Расея рыхтуецца мабілізаваць дадаткова.

Пра гэта Ўладзімір Зяленскі сказаў на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам, які наведаў Кіеў.

Зяленскі адказваў на пытаньне аб плянах мабілізацыі ва Ўкраіне, у прыватнасьці пра тое, колькі чалавек плянуецца прызваць. Дакладнай колькасьці ён не назваў, але адзначыў, што яна будзе меншая за 500 тысяч, пра магчымасьць прызыву якіх згадвалася раней.

«Паўмільёна нам ня трэба», — сказаў Зяленскі, словы якога перадае агенцтва Інтэрфакс-Украіна.

Ён не ўдакладніў, ці меў на ўвазе зьвесткі пра тое, што ў Расеі абвесьцяць новую хвалю мабілізацыі на вайну з Украінай, ці 300 тысяч чалавек будуць набраныя іншымі шляхамі.

«Частковую мабілізацыю» ў Расеі абвясьцілі ў верасьні 2022 году. Паводле афіцыйных зьвестак, за яе час у войска прызвалі 300 тысяч чалавек. Тыя зь іх, хто ня быў забіты ці камісаваны, па-ранейшаму на фронце. Указ аб мабілізацыі па-ранейшаму дзейнічае, хоць актыўныя мабілізацыйныя мерапрыемствы не праводзяцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі новыя цэлі ва Ўкраіне, – Інстытут вывучэньня вайны

У апошні год у расейскае войска актыўна вэрбавалі людзей на кантрактную службу, таксама працягвалася вэрбоўка па турмах. У выніку, паводле афіцыйных зьвестак, войска папоўнілі яшчэ больш за 300 тысяч чалавек.

Трэцяга красавіка расейскае Міністэрства абароны заявіла, што ў 2024 годзе на службу па кантракце паступілі ўжо больш за 100 тысяч чалавек. Таксама 1 красавіка пачаўся вясновы прызыў, падчас якога плянуецца прызваць 150 тысяч на тэрміновую службу. Супастаўную колькасьць салдат тэрміновай службы дэмабілізуюць. Прадстаўнікі расейскіх уладаў адмаўляюць падрыхтоўку да новай хвалі мабілізацыі.

Ва Ўкраіне цяпер рыхтуецца да прыняцьця законапраект аб мабілізацыі, які пакліканы ўпарадкаваць гэты працэс. Напярэдадні Зяленскі падпісаў прынятыя раней законы аб зьніжэньні прызыўнога ўзросту да 25 гадоў і аб скасаваньні катэгорыі абмежавана прыдатных да вайсковай службы, што павінна садзейнічаць набору ў войска дадатковых навабранцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гранічны ўзрост прызыву па мабілізацыі ва Ўкраіне зьнізілі з 27 да 25 гадоў

На прэс-канфэрэнцыі са Стубам Зяленскі таксама скрытыкаваў міжнародныя арганізацыі, якія нэгатыўна ацэньваюць украінскія ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах на тэрыторыі Расеі. Па словах Зяленскага, крытыкам неабходна прыехаць ва ўкраінскія гарады, якія штодня зазнаюць расейскія ўдары, і паглядзець, што адбываецца.

Зяленскі перакананы, што да гэтага часу пара было зразумець, што Расея, акрамя сілы, нічога не разумее. Ён заклікаў краіны Захаду «падтрымліваць украінскія адказы».

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен напярэдадні заявіў, што Злучаныя Штаты не падтрымліваюць украінскія ўдары па расейскіх НПЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі дапускае, што новы наступ Расеі пачнецца ў канцы вясны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.