Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі дапускае, што новы наступ Расеі пачнецца ў канцы вясны


Уладзімір Зяленскі на пазыцыях украінскіх войскаў
Уладзімір Зяленскі на пазыцыях украінскіх войскаў

Украіна павінная рыхтавацца да новых наступальных дзеяньняў расейскай арміі ў найбліжэйшыя месяцы, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу CBS News, апублікаваным 28 сакавіка.

«Расея будзе рыхтаваць контранаступальныя дзеяньні, гэта можа быць канец траўня або чэрвень. Да гэтага трэба ня толькі рыхтавацца, ня толькі стабілізавацца — таму што нашыя партнэры часам вельмі рады, што мы стабілізаваліся, трымаюць за нас кулакі: добра, у вас ёсьць сілы. Не, нам зараз патрэбная дапамога, каб падрыхтаваць адпаведныя брыгады, якія будуць змагацца за нашую зямлю», — сказаў Зяленскі.

Адказваючы на пытаньне аб патрэбах украінскай арміі, ён сказаў, што для захаваньня статус-кво на лініі судакрананьня ў першую чаргу неабходныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны і артылерыя.

У той жа час, паводле прэзыдэнта Ўкраіны, колькасьць артылерыйскіх снарадаў — гэта ня ўсё, важныя і іх характарыстыкі.

«У Бахмуце, Аўдзееўцы, Лісічанску, Салядары і гэтак далей вельмі цяжка змагацца з ворагам, артылерыя якога можа страляць на 20 зь лішнім кілямэтраў, а нашая — менш за 20», — параўнаў ён.

Ён растлумачыў, што калі для абароны і ўтрыманьня сытуацыі патрэбны парытэт, то для контранаступу патрэбна перавага ў сілах: «Мы сёньня змагаемся на дыпляматычным фронце за парытэт».

28 сакавіка прэзыдэнт Зяленскі правёў тэлефонную размову са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, рэспубліканцам Майкам Джонсанам. Зяленскі расказаў пра сытуацыю на полі бою і абмеркаваў пытаньне дапамогі ЗША Ўкраіне.

20 сакавіка Майк Джонсан заявіў, што пакет дапамогі партнэрам ЗША будзе перададзены ў найбліжэйшы час. Аднак пасьля 22 сакавіка ў сэсіях Палаты прадстаўнікоў пачаўся двухтыднёвы перапынак, таму, хутчэй за ўсё, парлямэнтары пяройдуць да законапраекту аб фінансаваньні дапамогі Ўкраіне, Ізраілю і іншым амэрыканскім партнэрам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG