Другі дзень запар Расея паведамляе пра інтэнсіўную атаку дронамі з украінскага боку, а расейскія грамадзяне, якія ваююць на баку Ўкраіны ў складзе сфармаваных з расейцаў трох батальёнаў, паведамляюць пра захоп часткі аднаго населенага пункту на расейскай тэрыторыі.
13 сакавіка гэтыя падзеі пракамэнтаваў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Свабода сабрала інфармацыю, якую агучвалі ў Расеі і ва Ўкраіне цягам гэтых двух дзён. Аднак пацьвердзіць яе ці зьняпраўдзіць ва ўмовах вайны немагчыма.
У Расеі не прызнаюць, што на іх тэрыторыю са зброяй у руках увайшлі расейскія грамадзяне
Празь некалькі гадзін, калі інфармацыя пра ўварваньне ў Белгарадзкую і Курскую вобласьці з боку Ўкраіны пачала зьяўляцца ў сацыяльных сетках, Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра «зрыў спробы кіеўскага рэжыму зьдзейсьніць прарыў на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі».
Яшчэ празь некалькі гадзін расейская прапаганда пачала расказваць са спасылкай на сваіх вайскоўцаў, што ў пасёлку Цёткіна Курскай вобласьці «працягваецца мірнае жыцьцё, безь якіх-небудзь абмежаваньняў працуюць крамы, дзяржаўныя ўстановы і грамадзкі транспарт».
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію дзяржаўным СМІ таксама падтрымаў заявы аб спробе ўкраінскіх войскаў прарвацца.
«Усё гэта адбываецца на тле няўдач на лініі судакрананьня, на лініі фронту. Ніводнай мэты, якую яны ставілі перад сабой летась, яны не дасягнулі», — сказаў Пуцін.
Расейскі прэзыдэнт лічыць, што падзеямі ў Курскай і Белгарадзкай вобласьцях «кіеўскі рэжым» імкнецца хоць нешта паказаць на тле сваіх няўдач, факусуючы сваю ўвагу на «інфармацыйным баку справы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пуцін зноў заявіў аб гатоўнасьці Расеі да ядзернай вайны. Што ён казаў раней?Ва Ўкраіне зьняпраўджваюць датычнасьць да «апэрацыі» на мяжы
Ва Ўкраіне заявілі, што ня маюць дачыненьня да падзеяў на мяжы з Курскай і Белгарадзкай вобласьцямі.
Прадстаўнік украінскай вайсковай выведкі сказаў, што на тэрыторыі Расеі знаходзяцца грамадзяне Расеі.
«Яны маюць на гэта права», — сказаў Андрэй Юсаў у этэры «Настоящего времени». Ён падкрэсьліў, што батальёнамі, сфармаванымі зь ліку расейскіх грамадзян, вайсковае камандаваньне Ўкраіны кіруе толькі тады, калі яны знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі.
Нягледзячы на тое, што адначасовыя інтэнсіўныя атакі дронамі і спроба прарвацца на расейскую тэрыторыю — наўрад ці выпадковы зьбег абставін, украінскія ўлады не прызнаюць сваёй адказнасьці за абедзьве гэтыя падзеі на тэрыторыі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Расеі адбыўся выбух на электрападстанцыі, якая сілкуе абаронныя заводыХто ўдзельнічае ў апэрацыі
Расейскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны, а таксама ўкраінская вайсковая выведка паведамілі, што ў апэрацыі задзейнічаныя тры батальёны — Легіён «Свабода Расеі», Расейскі добраахвотніцкі корпус і Сібірскі батальён.
Вядома, што частка расейскіх добраахвотнікаў — колішнія ўдзельнікі розных ультраправых арганізацый. У цэлым гэта людзі рознай адукацыі, сацыяльных клясаў і палітычных поглядаў, якія выступілі супраць імпэрскай палітыкі Пуціна.
Раніцай 13 сакавіка ў Легіёне «Свабода Расеі» паведамілі, што байцы начавалі «ў родных краях».
«Дома і дыхаць лягчэй, і адпачываць прыемней», — напісалі яны.
Пазьней яны паведамілі, што «вызвалілі» частку пасёлку Цёткіна ў Курскай вобласьці.
Свае паведамленьні яны суправаджаюць відэазапісамі, у тым ліку тымі, на якіх можна пабачыць уцёкі, імаверна, расейскіх вайскоўцаў.
Страты бакоў невядомыя
У Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што на памежнай з Ўкраінай тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці «прафэсійнымі дзеяньнямі падразьдзелаў прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, ударамі апэратыўна-тактычнай і армейскай авіяцыі з выкарыстаньнем супрацьтанкавых ракет „Вихрь“ зьнішчылі больш за 100 баевікоў, пяць танкаў, тры баявыя машыны пяхоты „Bradley“ вытворчасьці ЗША і два аўтамабілі, якія накіроўваліся ў бок мяжы Расейскай Фэдэрацыі».
Паводле расейскага вайсковага ведамства, адбітыя «чатыры атакі ўкраінскіх дывэрсійна-выведных груповак, якія спрабавалі прарвацца на памежную тэрыторыю ў раёне населенага пункту Цёткіна Курскай вобласьці».
Расейскія добраахвотнікі паабяцалі паведаміць пра свае страты пазьней.
У Белгарадзе і Курску ўвесь дзень гучаць трывогі
Нягледзячы на тое, што ў Расеі заявілі пра спыненьне атакі на мяжы, у Белгарадзкай і Курскай вобласьцях пэрыядычна гучаць паветраныя трывогі.
Паводле ўладаў Белгарадзкай вобласьці, у выніку «абстрэлаў з боку Ўкраіны» 11 чалавек атрымалі раненьні. Ёсьць пашкоджаньні ў жылым і энэргетычным сэктары.
Удзень 13 сакавіка, пасьля 12-й гадзіны, расейскія добраахвотнікі выступілі з супольнай заявай, у якой зьвярнуліся да жыхароў Белгараду і чыноўнікаў гарадзкой адміністрацыі і папярэдзілі іх пра ўдар па вайсковых пазыцыях у Белгарадзе і Курску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Легіён «Свабода Расеі» паведаміў аб прарыве ўкраінска-расейскай мяжы«Каб пазьбегнуць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва, мы заклікаем усіх тэрмінова выехаць з гарадоў. Мясцовыя ўлады мы заклікаем захаваць жыцьці грамадзян і пачаць эвакуацыю з гарадоў Куршчыны і Белгарадчыны», — гаворыцца ў заяве.