Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін зноў заявіў аб гатоўнасьці Расеі да ядзернай вайны. Што ён казаў раней?


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у часе інтэрвію
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у часе інтэрвію

Заходнія аналітыкі ў галіне бясьпекі мяркуюць, што такія заявы накіраваныя на стрымліваньне і запалохваньне, але яны не спынілі дапамогу ЗША і краін NATO украінскаму войску.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зноў заявіў аб тэхнічнай гатоўнасьці расейскіх войскаў да ядзернай вайны.

«З вайскова-тэхнічнага пункту гледжаньня мы, вядома ж, гатовыя. Яны [войскі] у нас стала знаходзяцца ў стане баявой гатоўнасьці», — заявіў Уладзімір Пуцін у інтэрвію дзяржаўным СМІ.

«Гэта агульнапрызнаная рэч — наша ядзерная трыяда зьяўляецца больш сучаснай, чым любая іншая трыяда», — дадаў расейскі прэзыдэнт і ўдакладніў, што гэта «не азначае, што трэба мерацца колькасьцю носьбітаў і зарадаў».

Заходнія аналітыкі ў галіне бясьпекі мяркуюць, што такія заявы Ўладзіміра Пуціна накіраваныя на стрымліваньне і запалохваньне, але яны не перашкодзілі Злучаным Штатам і іхным хаўрусьнікам у NATO дапамагаць Украіне зьвесткамі сваіх выведак, навучаньнем пэрсаналу, а таксама вайсковай тэхнікай і ўзбраеньнем.

Што Пуцін казаў раней?

Агенцтва Reuters сабрала ўсе выказваньні Ўладзіміра Пуціна, у якіх ён згадваў пра расейскую ядзерную моц і гатоўнасьць выкарыстаць ядзерную зброю.

2022 год

  • 24 лютага: У прамове з нагоды пачатку сваёй «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне Пуцін заявіў, што Расея зьяўляецца вядучай ядзернай дзяржавай «і мае пэўныя перавагаі ў некаторых з найноўшых тыпаў узбраеньняў. У сувязі з гэтым ніхто не павінен мець ніякіх сумневаў у тым, што наўпроставы напад на нашу краіну прывядзе да паразы і жудасных наступстваў для любога патэнцыяльнага агрэсара». Потым Пуцін дадаў: «Той, хто спрабуе нам перашкодзіць або пагражае нашай краіне ці нашаму народу, павінен ведаць, што адказ Расеі будзе неадкладным і прывядзе да наступстваў, зь якімі вы ніколі не сутыкаліся ў сваёй гісторыі».
  • 27 лютага: Пуцін заявіў аб прывядзеньні расейскіх ядзерных сілаў у павышаную гатоўнасьць.
  • 21 верасьня: Пуцін загадаў правесьці ў Расеі першую вайсковую мабілізацыю з часоў Другой усясьветнай вайны і заявіў: «Калі тэрытарыяльная цэласнасьць нашай краіны апынецца пад пагрозай, мы, несумненна, выкарыстаем усе даступныя сродкі, каб абараніць Расею і наш народ — гэта ня блеф».
  • 30 верасьня: Пуцін заявіў, што ЗША стварылі «прэцэдэнт», калі скінулі дзьве атамныя бомбы на Японію ў 1945 годзе.
  • 9 сьнежня: Прэзыдэнт Расеі папярэдзіў, што любая краіна, якая асьмеліцца напасьці на Расею ядзернай зброяй, будзе сьцёртая зь зямлі. Ён сказаў, што Расея ня мае мандату на нанясеньне прэвэнтыўнага першага ядзернага ўдару, але сучасная гіпэргукавая зброя Расеі гарантуе, што дзяржава зможа адказаць сілай у выпадку нападу на расейскую тэрыторыю.

2023 год

  • 22 лютага: Пуцін заявіў аб спыненьні ўдзелу Расеі ў новай дамове з ЗША аб стратэгічных наступальных узбраеньнях , што абмяжоўвае колькасьць ядзерных боегаловак, якія можа разгарнуць кожны з бакоў. Паводле яго, Расея павінна быць гатовая правесьці ядзернае выпрабаваньне ў выпадку, калі гэта зробяць ЗША.
  • 25 сакавіка: Пуцін заявіў аб разьмяшчэньні тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і патлумачыў гэты крок дзеяньнямі ЗША ў Эўропе.
  • 5 кастрычніка: Пуцін зноў папярэдзіў, што Расея на кожную атаку за сэкунды адкажа сотнямі ядзерных ракет, у выніку якіх ня зможа выжыць ніводзін вораг. «Думаю, ніводнаму чалавеку ў здаровым розуме і чыстай памяці ня прыйдзе ў галаву ўжыць ядзерную зброю супраць Расеі».

Ён дадаў, што Расея выпрабавала і неўзабаве паставіць на баявое дзяжурства сваю найноўшую ядзерную зброю — крылатую ракету «Буревестник» і міжкантынэнтальную балістычную ракету «Сармат». Пуцін прапанаваў Думе перагледзець пазыцыю Расеі стасоўна Дамовы аб усеабдымнай забароне выпрабаваньняў, якую ЗША не ратыфікавалі. Празь некалькі тыдняў Дума скасавала ратыфікацыю гэтай дамовы.

2024 год

  • 22 лютага: Пуцін ажыцьцявіў кароткі палёт на мадэрнізаваным ядзерным бамбавіку Ту-160М.
  • 29 лютага: Пуцін папярэдзіў заходнія краіны, што яны рызыкуюць справакаваць ядзерную вайну, калі накіруюць свае войскі ва Ўкраіну. Захад, паводле яго, «павінен разумець, што ў Расеі таксама ёсьць зброя, якая можа паражаць мэты на іхнай тэрыторыі. Усё гэта рэальна пагражае канфліктам з выкарыстаньнем ядзернай зброі і зьнішчэньнем цывілізацыі. Хіба яны гэтага не разумеюць?».
  • 13 сакавіка: Адказваючы ў інтэрвію на пытаньне, ці сапраўды Расея гатовая да ядзернай вайны, Пуцін сказаў: «З вайскова-тэхнічнага гледзішча мы, вядома, гатовыя». Але дадаў, што ня бачыць умоваў для ядзернай канфрантацыі і што Расея ніколі не сутыкалася зь неабходнасьцю выкарыстаць ядзерную зброю ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG