Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт камандуючага далёкай авіяцыяй Расеі і камандуючага Чарнаморскім флётам
Сяргей Кабылаш. Архіўнае фота
Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт камандуючага далёкай авіяцыяй Расеі Сяргея Кабылаша і камандуючага Чарнаморскім флётам Віктара Сакалова.
Абодва вайсковыя функцыянэры «меркавана нясуць адказнасьць за ваенныя злачынствы», а менавіта за ўдары па цывільных аб'ектах, прычыненьне шкоды цывільнаму насельніцтву, а таксама «бесчалавечныя дзеяньні», гаворыцца ў прэс-рэлізе суду.
Суд падазрае Кабылаша і Сакалова ва ўдарах па ўкраінскай электраэнэргетычнай інфраструктуры ўзімку 2022 і ўвесну 2023 году.
Першапачаткова ордэры былі сакрэтныя, але суд палічыў, што іх раскрыцьцё можа садзейнічаць прадухіленьню далейшага ўчыненьня злачынстваў.
Сяргей Кабылаш нарадзіўся ў Адэсе, узначальвае расейскую далёкую авіяцыю з 2016 году. Удзельнічаў у чачэнскіх войнах, а таксама ў уварваньні ў Грузію ў 2008 годзе.
Віктар Сакалоў нарадзіўся ў Бэндэрах, Малдова, камандуе Чарнаморскім флётам зь верасьня 2022 году.
17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.
Пазьней стала вядома пра датычнасьць беларускіх уладаў і праўладных актывістаў да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расеі. Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што Расея сыстэмна перамяшчае ўкраінскіх дзяцей праз тэрыторыю Беларусі, каб утаіць іх рэальную колькасьць.
«Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» дабіваецца выдачы ордэра на арышт афіцыйных асобаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый. Матэрыялы з доказамі перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.