«Левада-цэнтар»: самае папулярнае пытаньне расейцаў да Пуціна — пра заканчэньне вайны 

Уладзімір Пуцін

Пытаньне пра заканчэньне так званай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як называе вайну з Украінай пуцінская прапаганда, у сучаснай Расеі ўтрая больш папулярнае за пытаньні аб павышэньні заробкаў і пэнсіяў.

Пра вайну і мабілізацыю найперш хочуць даведацца расейцы ад Уладзіміра Пуціна на сьнежаньскай «Простай лініі». Гэта высьветлілі сацыёлягі «Левада-цэнтру». Калі і чым скончыцца вайна ва Ўкраіне? — спытала б адносная большасьць апытаных у канцы лістапада (21%), як вынікае з вынікаў дасьледаваньня, піша праект «Можем объяснить».

Расейцы ўжо не чакаюць ад Пуціна навін аб магчымым паляпшэньні іхнага ўзроўню жыцьця: пра пэнсіі, іх павышэньне спыталі б толькі 8%, пра мэдыцыну, адукацыю і сацыяльныя праграмы — 8%, пра заробкі і ўзровень жыцьця ў цэлым — 7%.

6% паспрабавалі б высьветліць, калі Пуцін сыдзе. Пытаньні міграцыі і карупцыі хвалююць па 2% апытаных. 10% увогуле не цікавяцца выступам Пуціна і яго адказамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі заявілі аб пачатку працэсу прызнаньня Азоўскага мора «выключна ўнутраным вадаёмам»

Праўладныя расейскія СМІ з спасылкай на арганізатараў «Простай лініі» пішуць, што «большая частка зваротаў тычыцца аховы здароўя, пэнсіяў, дапамог, ільготаў для шматдзетных» і «газыфікацыі» — ня згадваючы сярод папулярных тэму «СВА». На думку «Можем объяснить», пра гэта і будзе гаварыць Пуцін, насуперак галоўнаму запыту насельніцтва Расеі.

Пуцін правядзе вялікую штогадовую прэс-канфэрэнцыю 14 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін павялічыў штатную колькасьць войскаў РФ на 170 тысяч чалавек

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы працягваем жыць у Савецкім Саюзе». Чаму сярод беларусаў папулярны расейскі сэрыял «Слово пацана»