Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў Кіева ёсьць плян працягу вайны супраць Расеі, нягледзячы на цяжкасьці з ходам наступленьня на поўдні і адцягненьне ўвагі лідэраў краінаў Захаду на канфлікт на Блізкім Усходзе.
Зяленскі выступіў у рэжыме анлайн на канфэрэнцыі, арганізаванай агенцтвам Reuters. Паводле слоў прэзыдэнта Ўкраіны, ён спадзяецца, што яшчэ да канца 2023 году ўкраінскія вайскоўцы змогуць дамагчыся посьпехаў на фронце. Аб канкрэтных мэтах Зяленскі не сказаў, аднак зазначыў, што ёсьць «канкрэтныя напрамкі» разьвіцьця наступу.
«У нас ёсьць мэта, куды мы пойдзем, у якім напрамку будзем весьці наступ», — падкрэсьліў Зяленскі.
Ён зазначыў, што Ўкраіна па-ранейшаму не гатовая абмяркоўваць якія-небудзь «кампрамісы» з Расеяй, паколькі зьяўляецца ахвярай агрэсіі. На думку Зяленскага, Расея можа скончыць вайну, вывеўшы свае войскі зь міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны.
Зяленскі таксама пракамэнтаваў скептычныя настроі адносна пэрспэктываў Украіны ў некаторых колах на Захадзе. Паводле яго, пазыцыя шэрагу чальцоў Рэспубліканскай партыі ЗША выклікае ў Кіеве занепакоенасьць. Паводле Зяленскага, і шэраг заходніх лідэраў лічаць, што ва Ўкраіны мала шанцаў на перамогу, бо яе насельніцтва меншае, чым у Расеі. Прэзыдэнт Украіны не пагадзіўся з гэтым аргумэнтам, заявіўшы, што ўкраінскія страты ў вайне значна ніжэйшыя за расейскія (ЗША і Вялікая Брытанія ацэньваюць расейскія страты прыкладна ў 1,5-2 разы вышэй за ўкраінскія. Незалежных пацьверджаных зьвестак аб стратах бакоў няма — РС).
Прэзыдэнт Украіны таксама пракамэнтаваў сытуацыю на ўкраінскім фронце, якую Галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валер Залужны нядаўна ахарактарызаваў як «патавую». Сам Зяленскі ўскосна запярэчыў генэралу, даслоўна сказаўшы: «Гэта ня патавая сытуацыя», але ў той жа час прызнаўшы, што для пасьпяховага наступу Ўкраіне неабходныя дадатковыя сродкі СПА, а таксама зьнішчальнікі F-16.