«Я ня ведаю, хто гэта публікуе, і навошта гэта робіцца... Усе ведаюць маё стаўленьне, яно супадае са стаўленьнем украінскага грамадзтва. Ніхто ня цісьне на мяне сёньня. Спачатку ўсё гэта было: у пачатку вайны і да вайны. На сёньняшні дзень ніхто ня цісьне зь лідэраў ЭЗ, Злучаных Штатаў і т. д., сярод нашых партнэраў, каб мы зараз селі з Расеяй размаўляць і нешта ёй аддаваць — ня будзе такога», — заявіў Зяленскі 4 лістапада на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Эўракамісіі Уршуляй фон дэр Ляен у Кіеве.
Прэзыдэнт таксама заявіў, што ня лічыць сытуацыю на фронце патавай.
«Гэта — ня патавая сытуацыя, яшчэ раз падкрэсьліваю... Расея кантралюе неба. А мы беражэм нашых вайскоўцаў. І калі яна кантралюе неба, проста кідаць, як Расея кідае, як мяса, сваіх людзей, ніхто ня хоча», — сказаў Зяленскі, камэнтуючы артыкул у часопісе The Economist галоўнакамандуючага ЎСУ Валерыя Залужнага.
У ім генэрал заявіў, што вайна пераходзіць на новы этап «пазыцыйнай вайны», што можа пайсьці на карысьць Расеі. Паводле яго слоў, без узмацненьня тэхналягічнай перавагі «хутчэй за ўсё, ня будзе глыбокага і прыгожага прарыву» на фронце. Залужны пісаў, што ён верыў у тое, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зьменіць курс пасьля страты прыкладна 150 000 вайскоўцаў — «у любой іншай краіне такія ахвяры спынілі б вайну».
«Як перамагчы гэта? F-16, рашэньне ёсьць, трэба чакаць, калі хлопцы навучацца, калі яны вернуцца... Хуткія рашэньні... Калі на фронце ёсьць СПА, вайскоўцы ідуць наперад, бягуць, едуць, выкарыстоўваюць тэхніку і ідуць контрнаступальныя дзеяньні», — сказаў Зяленскі.
Ён адзначыў, што летась усе лічылі, што ўкраінскія сілы — у патавай сытуацыі. Але «некалькі ўпэўненых хітрыкаў, тактык ваенных апэрацый, і вы памятаеце, Харкаўскі рэгіён быў вызвалены, частка, і вы памятаеце, што было ў Херсоне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Таму ёсьць цяжкасьці, ёсьць розныя меркаваньні... Я лічу, што мы ня маем права апускаць рукі. Якая альтэрнатыва?... Што трэба — аддаць траціну нашай дзяржавы? Гэта ж будзе толькі пачатак. Ён гэтым ня скончыць. Мы ведаем, што такое замарожаны канфлікт, мы ўжо для сябе зрабілі высновы», — дадаў Зяленскі.
Ён падкрэсьліў, што трэба больш працаваць з партнэрамі па СПА, «разблякаваць неба, даць магчымасьць нашым байцам правесьці адпаведныя наступальныя дзеяньні».
Раней сёньня амэрыканскі тэлеканал NBC News са спасылкай на двух чыноўнікаў ЗША — аднаго цяперашняга і аднаго былога — паведаміў, што прадстаўнікі ЗША і Эўразьвязу пачалі абмяркоўваць з Украінай магчымыя мірныя перамовы з Расеяй для спыненьня вайны
Як паведамляюць, некаторыя далікатныя абмеркаваньні адбыліся ў кастрычніку на сустрэчы Кантактнай групы па абароне Ўкраіны, у якую ўваходзяць больш за 50 краін. Па словах суразмоўцаў тэлеканала, у размовах закраналі тое, ад чаго ўкраіне, магчыма, давядзецца адмовіцца, каб дасягнуць пагаднення.
Як заявілі чыноўнікі, NATO гатовае прапанаваць Украіне некаторыя гарантыі бясьпекі, якія ўтрымаюць Расею ад новага ўварваньня на яе тэрыторыю.
Крыніцы тэлеканала адзначылі, што абмеркаваньні пачаліся на фоне асьцярог ЗША і краін Эўропы, што вайна зайшла ў тупік і што яны ня змогуць і надалей аказваць дапамогу Украіне. Пры гэтым адміністрацыя Байдэна ня бачыць ніякіх прыкмет таго, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін гатовы да перамоваў з Украінай, адзначаюць суразмоўцы NBC News. Па іх словах, заходнія чыноўнікі кажуць, што Пуцін спадзяецца «пераседзець Захад» ці працягваць барацьбу, пакуль заходнія краіны не вырашаць перастаць аказваць ваенную дапамогу Украіне ці пакуль гэтая дапамога не стане занадта дарагой.
Па словах чыноўнікаў, у Украіны ёсьць час да канца гэтага году ці крыху больш, пасьля чаго пачнуцца «тэрміновыя дыскусіі аб мірных перамовах». Публічна прадстаўнікі ЗША адмаўляюць, што падштурхоўваюць Украіну да перамоваў і што такія абмеркаваньні наогул зь ёй вядуцца.
Амэрыканскі інстытут Gallup, які займаецца дасьледаваньнем грамадзкай думкі, 9 кастрычніка апублікаваў вынікі апытаньня жыхароў Украіны адносна вайны і розных палітычных аспэктаў. Па дадзеных кампаніі, украінцы застаюцца глыбока адданымі перамозе ў вайне з Расіяй.
Трое зь пяці (60%) украінцаў, апытаных у ліпені і жніўні, заявілі, што хочуць, каб Украіна працягвала барацьбу да перамогі, што ўдвая перавышае колькасьць тых, хто хоча, каб Украіна ішла на перамовы аб хутчэйшым спыненьні вайны (31%). Практычна ўсе ўкраінцы згаджаюцца з тым, што выйграць вайну азначае вярнуць усе тэрыторыі, якія Расея забрала пад свой кантроль з 2014 году.