У Слоніме ліквідуюць дабрачынную арганізацыю «Дзіцячы госьпіс. Паліятыўная дапамога дзецям»

У дзіцячым госьпісе, архіўнае фота

Улады працягваюць ліквідацыю недзяржаўных арганізацый. Пад ударам нават фонды і госьпісы, якія дапамагалі дзецям і інвалідам.

Судовы працэс у справе ліквідацыі дабрачыннай арганізацыі «Дзіцячы госьпіс. Паліятыўная дапамога дзецям» пройдзе 27 кастрычніка ў Горадзенскім абласным судзе.

Пазоў падало галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Горадзенскага аблвыканкаму. Справу разгледзіць судзьдзя Жанна Краўчанка.

Арганізацыя працавала з 2007 году і займалася мерапрыемствамі ў госьпісе. Адзінаццаць яе ўдзельнікаў рабілі падарункі хворым дзецям за ахвяраваньні, піша канал «Право имеют».

У апісаньні дзейнасьці арганізацыі пазначана, што яна ажыцьцяўляе паліятыўны патранаж безнадзейна хворых дзяцей (з абмежаваным тэрмінам жыцьця) і аказвае ўсебаковую дапамогу членам іх сем’яў як падчас догляду за хворым дзіцем, так і пасьля яго сьмерці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Горадні ліквідоўваюць дзьве грамадзкія арганізацыі. Адна зь іх — аб'яднаньне малалетніх вязьняў канцлягераў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад госьпісаў да абаронцаў балотаў. Гэтыя арганізацыі дапамагалі людзям, але ўлады іх ліквідуюць