У Расеі пачалі працэдуру выхаду з Дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў

Дзяржаўная Дума Расеі, архіўнае фота

Раней была інфармацыя пра перавозку тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь і пра тое, што яна застанецца пад расейскім кантролем.

Дэпутаты Дзяржаўнай Думы Расеі ў першым чытаньні ўхвалілі законапраект аб адкліканьні ратыфікацыі Дамовы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал ніжняй палаты расейскага парлямэнту.

Дакумэнт унесьлі ў Дзярждуму 13 кастрычніка. Яго распрацаваў профільны камітэт на даручэньне кіраўніка Думы Вячаслава Валодзіна.

На пачатку кастрычніка з ініцыятывай адклікаць ратыфікацыю выступіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. На пасяджэньні дыскусійнага клюбу «Валдай» ён сказаў, што няма неабходнасьці мяняць ядзерную дактрыну Расеі, але можна падумаць аб адкліканьні ратыфікацыі дамовы аб забароне ядзерных выпрабаваньняў, паколькі ЗША не ратыфікавалі гэтую дамову.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што адкліканьне ратыфікацыі не азначае намеру Масквы праводзіць ядзерныя выпрабаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея выставіла ўмовы, на якіх гатовая вывесьці ядзерную зброю зь Беларусі

Дамову аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў прынялі на 50-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у 1996 годзе. Яна не набыла моц, паколькі яе не падпісала дастатковая колькасьць краін. Зь ядзерных дзяржаў Індыя, Пакістан і Паўночная Карэя не падпісалі дамовы, а ЗША і Кітай падпісалі, але не ратыфікавалі.

У сучаснай Расеі ядзерных выпрабаваньняў, зьвязаных з выбухам рэальнага ядзернага зараду, яшчэ не праводзілася. У СССР апошняе выпрабаваньне правялі ў 1990 годзе. Сёлета ў лютым Уладзімір Пуцін казаў, што Расея ня будзе аднаўляць ядзерныя выпрабаваньні, калі іх не адновяць ЗША.

Улетку 2023 году была інфармацыя пра перакіданьне расейскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі. Дакладнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі так і не паступіла. Аднак у Маскве заявілі, што знаходжаньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі не парушыць міжнародных дамоваў, паколькі зарады застануцца пад кантролем расейскага войска. Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што сам будзе распараджацца зброяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У МЗС Расеі заявілі аб працэсе разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. У Кіеве ня бачаць новых пагроз