Расея выставіла ўмовы, на якіх гатовая вывесьці ядзерную зброю зь Беларусі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Масква зробіць гэта толькі ў тым выпадку, калі ЗША выведуць сваю ядзерную зброю з Эўропы.

Намесьнік дэпартамэнту нераспаўсюду і кантролю над узбраеньнямі МЗС РФ Канстанцін Варанцоў на пасяджэньні Першага камітэту раззбраеньня Генэральнай асамблеі ААН заявіў, што вывад расейскай ядзернай зброі зь Беларусі на гэты момант немагчымы бязь дзеяньняў ЗША і NATO, піша ТАСС.

«Пастаноўка пытаньня аб пераглядзе сумесна прынятых Расеяй і Беларусьсю рашэньняў у атамнай галіне цалкам нерэалістычная без адмовы ЗША і NATO ад шкоднага курсу на мэтанакіраваны падрыў нашай бясьпекі і бяз поўнага вываду з Эўропы амэрыканскай ядзернай зброі зь ліквідацыяй адпаведнай інфраструктуры», – сказаў Варанцоў.

Расейскі чыноўнік зазначыў, што разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі ня можа разглядацца як парушэнне бязьядзернага статусу Беларусі, бо Масква цалкам кантралюе гэтую зброю.

​
XS
SM
MD
LG