У сваім звароце да брытанскіх парлямэнтароў Ціханоўская расказала пра сытуацыю ў Беларусі і стратэгічныя прыярытэты для дэмакратычных сіл і міжнароднай супольнасьці ў адносінах да Беларусі.
«Апошнім часам дэмакратыя ня проста ў заняпадзе. Яна пад атакай. Адзін з самых жорсткіх нападаў на дэмакратыю быў ажыцьцёўлены на Беларусь пры рэжыме Лукашэнкі. Гэта працягваецца ўжо тры гады», — заявіла Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская падчас візыту ў Лёндан расказала пра супраціў у Беларусі«Як я часта кажу, тыранія падобная да раку. Калі яго не лячыць належным чынам, ён становіцца крыніцай праблем для суседніх рэгіёнаў. Гэта дакладна тое, што адбылося ў выпадку зь Беларусьсю», — адзначыла Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская растлумачыла прысутным, што азначае жыць пры дыктатуры.
«Гэта азначае страх. Вы баіцеся наведваць антыўрадавыя старонкі ў інтэрнэце. Або чытаць СМІ, абвешчаныя „экстрэмісцкімі“. Падчас перапіскі зь сям’ёй вы карыстаецеся зашыфраванымі мэсэнджарамі, каб пазьбегнуць магчымых „гутарак“ з супрацоўнікамі КДБ.
Вы баіцеся захоўваць свае старыя фатаздымкі ў тэлефоне: іх могуць выкарыстаць як доказ таго, што тры гады таму вы бралі ўдзел у пратэстах. Вы баіцеся размаўляць па-беларуску на вуліцы, таму што гэта робіць вас патэнцыйным ворагам рэжыму. Проста няма магчымасьці даказаць сваю невінаватасьць. Я часам чую, што Беларусь — прайграная справа. Але гэта ня так. Запэўніваю вас: Беларусь можа быць гісторыяй посьпеху», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.
Сьвятлана Ціханоўская выступае ў парлямэнце Вялікай Брытаніі
Яна патлумачыла, чаму мае такую думку:
«Я ведаю беларускі народ. Некаторы час таму мне патэлефанавала пэнсіянэрка зь Менску. Яна расказала, што зь сяброўкамі рэгулярна зьбіраецца разам, каб абмеркаваць палітыку і падтрымаць адна адну. „Вы не баіцеся?“ — спытала я яе. „Мы проста стаміліся баяцца, — сказала яна мне. — Нас шмат. Яны проста ня могуць арыштаваць усіх“. Такія людзі, як гэтая жанчына, даюць мне сілы працягваць сваю палітычную дзейнасьць. Акрамя таго, думкі пра мужа не пакідаюць мне іншага выбару, як працягваць барацьбу», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская атрымала ўзнагароду Парлямэнцкай асамблеі NATO. ФОТАЯна таксама падзялілася з прысутнымі асабістай гісторыяй:
«Ведаеце, мой сын з нараджэньня дрэнна чуе. Я патраціла гады, спрабуючы рэабілітаваць яго. Я ня ведала, ці спрацуе гэта, я проста рабіла тое, што павінна была рабіць. Барацьба за дэмакратыю такая ж: яна можа быць доўгай і складанай. Без гарантыі выніку. Але мы павінны трымацца за гэтую мару і быць гатовымі аддаць гэтаму ўсё».
Ціханоўская чарговы раз заявіла, што не сумняваецца ў перамозе Ўкраіны і наступнай свабодзе Беларусі.
«Аднак мы ня зможам выйграць гэтую бітву ў адзіночку. Нам патрэбныя моцныя саюзьнікі і сябры, гатовыя да сьмелых крокаў і рашэньняў. І я веру, што такія людзі прысутнічаюць у гэтай залі. Я не прашу вас ваяваць замест нас. Перамены ў Беларусі — задача для саміх беларусаў. Але я прашу вас падтрымаць Беларусь у такі крытычны момант гісторыі, калі само існаваньне нашай краіны пад пагрозай.
Я прагну, каб Беларусь была ў ліку прыярытэтаў брытанскага парлямэнту, цяперашняга і будучага ўраду Вялікай Брытаніі».
Ціханоўская папрасіла прысутных запатрабаваць ад свайго ўраду моцных і рашучых крокаў у супрацьстаяньні тыраніі Пуціна і Лукашэнкі.
«Слоў асуджэньня недастаткова. Патрабуйце неадкладнага вываду расейскіх войскаў і ўзбраеньня зь Беларусі. Увядзеньня санкцый супраць Расеі за падрыў сувэрэнітэту Беларусі. Сёньняшнія санкцыі не працуюць у поўнай меры з прычыны шчылін. І Вялікая Брытанія магла б падаць прыклад, як змагацца з абыходам санкцый. Далучайцеся да міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнай і сувэрэннай Беларусі. Дапамажыце нам аднавіць справядлівасьць. Патрабуйце трыбуналу ня толькі супраць Пуціна, але і Лукашэнкі. Ён таксама заслужыў ордэр на арышт. І, нарэшце, дапамажыце Ўкраіне выйграць гэтую вайну. Перамога Ўкраіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі. А дэмакратычная Беларусь — вялізным ударам па расейскім імпэрыялізьме».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Былы брытанскі прэм’ер Джонсан падтрымаў кампанію ЦіханоўскайУ плянах Ціханоўскай таксама перамовы зь міністрам замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэймзам Клевэрлі пра сытуацыю ў Беларусі і сумесныя дзеяньні.
Таксама Ціханоўская возьме ўдзел у Беларуска-Брытанскім форуме, які пройдзе ў South Bank University.
Сустрэча з дыяспарай пройдзе ў аўторак, 17 кастрычніка, з 18:20 да 19:10 у South Bank University.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская атрымала ўзнагароду Парлямэнцкай асамблеі NATO. ФОТА